А потым зноў абвясцілі перапынак.

18 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі/ На фота – Станіслаў Леўчанка і Яўген Слаўнікаў


У судзе Ленінскага раёна Магілёва 18 верасня аднавіўся судовы працэс аб прызнанні дзвюх матэрыялаў газеты “Вячэрні Магілёў” экстрэмісцкімі. Раней эканамічны суд Мінск адхіліў пазоў рэдакцыі да Міністэрства інфармацыі, у якім яна спрабавала даказаць незаконнасць рашэння экспертнай камісіі па выяўленні наяўнасці прыкмет экстрэмізму ў газеце.

Інтарэсы «Вечернего Магілёва» у магілёўскім судзе зноў прадстаўляў юрыст-консульт выдання Станіслаў Леўчанка. Як і ў папярэднія разы, ён пачаў з масіраваных хадайніцтваў.

Леўчанка папрасіў прыпыніць працэс, паколькі газета зноў падала пазоў у мінскі суд.

– Падчас першага працэсу нашы прэтэнзіі не былі разгледжаныя па сутнасці. Ўчора [17 верасня] мы атрымалі вызначэнне мінскага эканамічнага суда, у якім нам адмовілі ў паўторным разглядзе нашага пазову. Але ў нас ёсць яшчэ 15 дзён на абскарджанне, у сувязі з чым мы заяўляем аб неабходнасці ў перапынку ў дадзеным судовым працэсе, – заявіў юрыст.

Таксама Леўчанка абвінаваціў экспертную камісію Мінінфарма у падлогу – па яго словах, пратакол пасяджэння, падчас якога знайшлі прыкметы экстрэмізму, існуе ў двух экземплярах, чаго быць не павінна.

Першы варыянт пратакола быў запатрабаваны падчас суду ў Менску. Другі варыянт юрыст ўбачыў падчас азнаямлення з матэрыяламі справы ў Ленінскім РАУС:

– У першым выпадку ў загалоўку ёсць слова «Экспертнае», у другім – «Экспертнанае». Магчыма, мела месца фальсіфікацыя. Мы ўжо накіравалі скаргу ў УУС Магаблвыканкама ў рамках артыкула 176 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ у сувязі з магчымай падробкай дакументаў, – заявіў Леўчанка.

Суддзя Аляксандр Бушкевіч пасля довадаў прадстаўніка газеты прыняў рашэнні не задавальняць хадайніцтва аб прыпыненні працэсу.

Услед за гэтым Станіслаў Леўчанка запатрабаваў зноўку правесці лінгвістычную экспертызу тэкстаў «У ва што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў» і «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны», дзе распавядаецца пра фізічную расправу над прадстаўнікамі ЛГБТ.

Паводле яго сцвярджэння, першая экспертыза змяшчае «вялікую колькасць граматычных і арфаграфічных памылак».

– Само апісанне гвалтоўных сцэн у залежнасці ад ўспрымання можа выклікаць пачуццё агіды або эстэтычнага задавальнення, але ніяк не заклікае да гвалтоўных дзеянняў, – запэўніваў юрыст.

Ён таксама заявіў, што пад заключэннем першай лінгвістычнай экспертызы стаіць подпіс судовага эксперта, які на той момант ужо не працаваў у дзяржаўным камітэце судовым экспертыз.

Леўчанка запытаў правядзенне новай экспертызы з удзелам кваліфікаваных лінгвістаў. Аплату за гэта ён прапанаваў перакласці на Ленінскі РАУС, які праводзіў праверку па запыце Міністэрства інфармацыі.

Прадстаўнік РАУС Яўген Слаўнікаў пагадзіўся на правядзенне лінгвістычнай экспертызы, але магчымасць яе аплаты міліцыяй адхіліў.

Суддзя Бушкевіч даў бакам час да 23 верасня, каб сфармуляваць канкрэтныя пытанні для лінгвістаў, пасля чаго перапыніў пасяджэнне да пазначанага тэрміну.