Удзельнік мітынгу 15 сакавіка Аляксандр Царук паспрабаваў аспрэчыць другі штраф за адно і тое ж парушэнне ў судзе Кастрычніцкага раёна, але яго чакала фіяска.

19 мая. Магілёў. Суд Кастрычніцкага раёна. Алесь Святліцкі


Нагадаем, ДАІ УУС Магаблвыканкама прызнала Царука вінаватым у тым, што 15 сакавіка прыблізна каля сямі гадзін вечара мужчына рухаўся па праезнай часткі, нягледзячы на наяўнасць тратуару: Аляксандр Царук перашкаджаў машыне з ціхарамі пакінуць месца з брутальна затрыманым Ігарам Чыраком.

На актывіста за адзін і той жа інцыдэнт склалі два пратаколы – за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі пакінуць праезную частку і за парушэнне ПДР.

19 траўня суддзя суда Кастрычніцкага раёна Алена Селядцова за дваццаць хвілін разгледзела скаргу Аляксандра Царука, які хацеў аспрэчыць штраф ДАІ ў 3 базавых велічыні.

На думку актывіста, ён ужо быў прыцягнуты да адказнасці за адмову пакінуць праезную частку, таму штраф ДАІ з’яўляецца несправядлівым. Пры гэтым сваімі дзеяннямі ён ніякай небяспекі ні для людзей, ні для транспартных сродкаў не ўяўляў.

– Акрамя таго, з параўнання матэрыялаў двух адміністрацыйных спраў выцякае фармальная выснова, што я фізічна не мог здзейсніць інкрымінуемае мне правапарушэнне, так як я менавіта ў гэты ж самы час быў затрыманы зусім у іншым месцы, – заявіў актывіст на судзе.

Як было пазначана ў пратаколе затрымання, супрацоўнікі АМАП ўзялі Царука ў 19:20 побач з гарадской бібліятэкай. У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні супрацоўнікі міліцыі пазначылі, што актывіст парушыў закон у 19:25 каля кінатэатра «Радзіма».

Алена Селядцова вынясла рашэнне адразу пасля выступу Царука – пастанова ДАІ засталася без змяненняў. Такі зыход расчараваў праваабаронцу Барыса Бухеля, які дапамагаў Царуку рыхтавацца да працэсу.

– Суд прайшоў не па законе, а па паняццях. Суддзя не мае права выходзіць за рамкі пратакола і дадумваць, дарабляць за міліцыю яе працу. У пратаколах ёсць выразныя неадпаведнасці па месцы і часу затрымання. Яна гэта праігнаравала. Рашэнне абавязкова будзе абскарджана ў абласным судзе, – заявіў Бухель.