“Нагнятанне атмасферы страху ў грамадстве і ўзмацненне рэпрэсій”. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч – пра “групу Вагнера”

Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч бачыць у затрыманні баевікоў гульню улады супраць свайго народа.

31 ліпеня. Менск. spring96.org


29 ліпеня стала вядома, што ў санаторыі пад Мінскам затрымана група з 32 расійскіх баевікоў прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнера”. Пазней быў затрыманы 33-і. Савет бяспекі заявіў, што агулам на тэрыторыю Беларусі прыбылі болей за 200 баевікоў з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі. На наступны дзень становіцца вядома аб узбуджэнні супраць затрыманых баевікоў крымінальнай справы аб падрыхтоўцы тэрактаў.

У той жа час распачынаецца новая крымінальная справа супраць палітвязняў Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых па арт. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Падрыхтоўка да масавых беспарадкаў).

Акрамя таго Следчы камітэт заявіў, што ў адносінах Ціханоўскага ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 КК (Здзяйснення наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці, заклікаў да здзяйснення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў).

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч тлумачыць, чаму вельмі насцярожана ставіцца да гісторыі з расійскімі баевікамі, і дзеліцца меркаваннем, як насамрэч звязаныя гэты дзве справа – справа баевікоў і новая справа палітвязняў.

МЕРКАВАННЕ

Я быў безумоўна ўсхваляваны інфармацыяй аб інтэрвенцыі 200 баевікоў на тэрыторыю Беларусі. Спадзяюся, тыя вайсковыя падраздзяленні, якія наведваў напярэдадні прэзідэнт (103-я гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада, спецназ з Мар’інай Горкі і інш.), ужо разгорнутыя ўздоўж расійскай мяжы і забяспечваюць тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць нашай краіны.

Але калі казаць сур’ёзна, то адзіныя прадпрынятыя меры ў сувязі з пранікненнем баевікоў на тэрыторыю Беларусі, якія мы бачым, гэта ўзмацненне мер бяспекі пры правядзенні агітацыйных мітынгаў і ўзбуджэнне новых крымінальных спраў супраць палітвязняў Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага.

Ніякіх іншых мерапрыемстваў у сувязі з такой, як нам кажуць, сур’ёзнай сітуацыяй мы пакуль не бачым. Нота пратэсту расійскаму амбасадару не прад’яўлена, ніякіх адмысловых мер бяспекі з удзелам воінскіх падраздзяленняў няма.

Таму напрошваюцца высновы, што мы маем справу з чарговымі фантазіямі беларускіх спецслужб, скіраванымі выключна на адну мэту – на далейшае нагнятанне атмасферы страху ў грамадстве і ўзмацненне рэпрэсій супраць мірных грамадзян напярэдадні выбараў і магчымых акцый пратэсту ў поствыбарчы перыяд. Таксама гэта “добрая нагода” ўзбудзіць новую справу супраць палітвязняў – на гэты раз аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў“.

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што ўлады неаднойчы выкарыстоўвалі тэмы баевікоў, ўмяшальніцтва замежных дзязжаў і розных змоваў падчас мінулых прэзідэнцкіх кампаній і значных грамадскіх падзей, калі пратэстная актыўнасць у грамадстве была даволі высокай.

У 2006 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў па тэлебачанні нам дэманстравалі баевіка, якога нібыта затрымалі ў Беларусі і які нібыта праходзіў навучанне на Каўказе. У 2010 годзе нам паказвалі кадры з гаража на ўскрайку Мінска, дзе нібыта была схаваная зброя, арматура і яшчэ шмат чаго, што таксама планавалі выкарыстаць баевікі для дэстабілізацыі сітуацыі. Але ва ўсіх гэтых выпадках мы не пабачылі працягу гэтых “цудоўных гісторый”, напрыклад, пра прыцягненне кагосьці да адказнасці. Таксама ў 2017 годзе, калі праходзілі пратэсты супраць дэкрэту аб дармаедах, з’явілася справа “Белага легіёну”, фігурантаў якой абвінавачвалі ў стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання, але скончылася яна нічым”, – узгадвае праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што новыя справы супраць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых палітзняволеных успрымаюцца праваабаронцамі выключна як ціск на кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую з мэтай паўплываць на яе далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі.

Хацелася б параіць беларускім уладам перастаць займацца фантазіямі і забяспечыць правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў, сыходзячы з тых міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, якія на сябе ўзяла наша краіна, у тым ліку ў сферы забеспячэння свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання. І неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных”, – рэзюмаваў праваабаронца.