4 лютага на Магілёў абрынуўся рэдкі па сіле снегапад. Людзі і машыны гразнулі ў снезе. І ў той жа момант валанцёр «Магілёўскай Вясны» стаў сведкам таго, як трактар ​​расчышчае… мала каму патрэбную пляцоўку вакол помніка танку Т-34.

Суцэльная снежная каша, у якой машыны вымушаны пракладваць сабе шлях – такім запомняць чацвер, 4 лютага, у Магілёве. Вось так аднолькава выглядала бруднае месіва і на ходніках, і на праезнай частцы:

Здавалася б, тэхніка павінна працаваць на разрыў. Да абеду на некаторых дарогах утварылася небяспечная каляіна, якая бязлітасна скрэбла дно аўто. Машыны раз-пораз траплялі ў заносы.

Нават у цэнтры горада магілёўцам даводзілася нялёгка – як апынулася, камунальнікі хутка ўмеюць прыбіраць мемарыял Раману Бандарэнка, але са снегам справіцца не могуць.

У гэты ж момант, пакуль трактар ​​чысціў тратуарную плітку там, дзе ўзімку не ідзе нага магілёўца, сама вузкая дарожка, па якой даводзілася таптацца па шчыкалатку ў снезе, знаходзілася зусім у іншым месцы. Вось па ёй ідзе чалавек:

А вось яе працяг. Так выглядаў падыход да пешаходнага пераходу на вуліцы Сурганава. Асабліва цяжка гэты шлях даваўся пажылым людзям:

І кіроўца трактара выдатна ўсё бачыў. Але ў яго сваё заданне: пляцоўка ля танка павінна быць ідэальнай, а людзі як-небудзь пераб’юцца. Галоўнае тут адбіць настрой начальства.

А гэта ўжо паркоўка каля крамы недалёка ад Т-34. Трактара тут і не чакалі. Аўтааматары «закансервавалі» свае машыны да лепшых часоў.

На фоне насталых маразоў лёд пад нагамі маёра ператварыўся ў гурбы. Як і пад нагамі тысяч магілёўцаў.

Айчынная скрэпа, у алгарытме якой пляцоўка перад безрухомым танкам значна важней для чалавека, чым вялікая частка двароў і дарог, выглядае выдатным эскізам для ілюстратара Ёлкіна. Але Ёлкіна для вас у нас няма.