Асуджаныя вырабляюць тавары, якія паказваюць на міжнародных выставах, але атрымліваюць капейкі.

12 красавіка. Магілёў. Саша Мінько


Рэзананс сярод бацькоў асуджаных за наркотыкі беларусаў выклікала чатырохдзённая міжнародная выстава “Meble Polska 2019”, што прайшла тры тыдні назад у Познані.

Абурэнне звязана з удзелам у ёй афіцыйнай дэлегацыі Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС Беларусі, якую ўзначаліў асабіста яе намначальніка Алег Лашчынкоўскі.

Адзначым, што ў ДВП Лашчынкоўскі адказвае за арганізацыю вытворчасці і працоўнае выкарыстанне спецкантынгенту. Няцяжка здагадацца, што “спецкантынгентам” супрацоўнікі калоній завуць асуджаных. Вось так выглядаў беларускі стэнд на польскай выставе:

Фота ДВП МУС https://mvd-din.by

Заданнем дэлегацыі было прэзентаваць прыклады вырабаў вытворчых прадпрыемстваў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС Беларусі. Гэта мэбля з масіву драўніны і каваныя вырабы.

Перадусім, гаворка ішла пра прадукцыю “Папраўчай установы №5”, якая знаходзіцца ў Івацэвічах у Брэсцкай вобласці.

Летам мінулага года там здарыўся грандыёзны скандал. Былы дырэктар РУПП “Папраўчая ўстанова №5” Вадзім Харужы быў абвінавачаны ў атрыманні хабару. Яе памер трапіў у дзясятку самых буйных за апошняе дзесяцігоддзе. Падпалкоўнік унутранай службы з 2009 па 2013 год атрымаў 207 тысяч еўра наяўнымі ад прадстаўніка французскай фірмы, якая закупляла фурамі мэблю, вырабленую зэкамі.

Таксама ў Польшчы шырока была прадстаўлена прадукцыя з ПК-14, якая размясцілася ў Навасадах.

Дэлегацыя ДВП пахвалілася, што правяла дзелавыя перамовы са шматлікімі прадстаўнікамі бізнесу Польшчы, Германіі і іншых краін ЕС. З улікам пажаданняў патэнцыйных замоўнікаў, абяцаюць яны, на беларускіх “зонах” будуць асвоены вытворчасці новых мадэляў мяккай мэблі і мэблі з масіву з элементамі кавання.

У адказ бацькі арыштантаў вырашылі пачаць кампанію, якая заклікана папярэдзіць грамадзянаў Еўразвяза, што купляючы вырабы беларускага ДВП, яны будуць карыстацца вынікам рабскай працы.

Праўда, што менавіта трэба рабіць, бацькі не ведаюць – няма досведу ў палітыцы і эканоміцы. Таму ідуць шляхам спроб і памылак.

Пачалі яны са збору інфармацыі пра партнёраў ДВП і вытворчасці.

Тут цікава прасачыць афіцыйны сайт ДВП. Толькі вярнуўшыся з Польшчы, Алег Лашчыноўскі, асабіста прыехаў на адкрыццё лініі па вытворчасці паліўных гранул на РУПП “ПК-9”.

То бок, у прамзону папраўчай калоніі №9 у Горках, якая мае славу ўстановы, дзе жорстка абыходзяцца з палітычнымі зняволенымі.

Менавіта тут больш за год у ШЫЗА і памяшканнях камернага тыпу сядзіць палітвязень Міхал Жамчужны. У новую вытворчасць, якая патэнцыйна таксама можа стаць імпартаарыентаванай, было ўкладзена 250 тысяч даляраў ЗША.

Фота ДВП МУС https://mvd-din.by

У структуры ДВП ужо даўно працуюць 15 унітарных прадпрыемстваў, што выкарыстоўваюць працу “спецкантынгенту” у калоніях.

Апроч таго, гаспадарчую дзейнасць ажыццяўляюць і дзевяць лекава-працоўных прафілакторыяў (ЛПП).

Каб зразумець, якія заробкі атрымліваюць зняволеныя, досыць успомніць разліковыя лісткі былога палітвязня, кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, апублікаваныя ім у 2015 годзе.

Працуючы па сем гадзін шэсць дзён у тыдзень, ён зарабляў прыкладна 9 даляраў у месяц. Сёння заробкі, калі верыць сваякам асуджаных, некалькі зваліліся – да 4-5 даляраў. Праваабаронцы гэта завуць бясплатнай прымусовай працай.

Тым не менш, ДВП не лічыць, што гэтага трэба сароміцца. На сваім сайце дэпартамент апублікаваў ліст падзякі ад генеральнага дырэктара ізраільскай кампаніі “Kobi Ketalim Nadlan LtdЯкава Мізрахі.

Ізраільскі бізнесовец шчыра дзякуе за прафесіяналізм пры ажыццяўленні дастаўкі піламатэрыялаў начальнікаў прадпрыемстваў (лічы – калоній) “Адзінка”, “ПК 13 Беразвечча”, “Чатырнаццаць” – усё гэта нумары папраўчых устаноў.

Фота ДВП МУС https://mvd-din.by

Апроч Ізраіля, раней партнёрамі ДВП выступалі яшчэ і турэцкія бізнэсоўцы. Восенню мінулага года ў Беларусь прыехалі прадстаўнікі групы кампаній “Soycan Group”. Гаворка ішла пра супрацу ў вобласці вытворчасці швацкіх вырабаў і прадукцыі дрэваапрацоўкі. Бізнесоўцы адважна заходзяць наўпрост у галоўны офіс ДВП, куды не заўсёды пусцяць, напрыклад, беларускага журналіста.

Фота ДВП МУС https://mvd-din.by

Зваротны візіт не прымусіў сябе доўга чакаць. Дэлегацыя беларускай пенітэнцыярнай службы наведала фабрыку Ustunkarli у Ізміры, каб азнаёміцца з тамтэйшай тэхналогіяй вытворчасці дрэваапрацоўчага абсталявання. Напэўна, турэцкія станкі хутка з’явяцца ў беларускіх калоніяз.

Але ладна Ізраіль і Турцыя, дзе стандарты ў сферы праў чалавека сумнеўныя.

Што ж Еўропа, дзе рабская праца катэгарычна забаронена? Калі верыць ДВП, сярод 20 краін, куды экспартуецца прадукцыя прамзонаў калоній, зачасаліся Бельгія, Вялікабрытанія, Германія і Францыя. Зараз у гэтым спісе можа з’явіцца і Польшча.

Заклапочаныя бацькі зняволеных высветлілі, што зацікаўленасць да прадукцыі беларускага ДВП праявілі фірмы (практычна ўсе таварыствы з абмежаванай адказнасцю) “Utal” – сусветны лідар у вытворчасці нумарных знакаў, беластоцкі перапрацоўшчык смецця “Lech”, дробны вытворца “іншых вырабаў” з дрэва “Streamled”, вытворца машын для сушкі драўніны “Hamech”.

Хутчэй за ўсё, уся прадукцыя, якая дастаўляецца на экспарт, выраблена асуджанымі не па артыкуле 328 КК “Незаконны зварот наркотыкаў” – гэта катэгорыя зэкаў займаецца здабычай другаснай сыравіны з непрыдатных правадоў і аўташын.

Агульная колькасць гэтых арыштантаў даходзіць да 18000 чалавек. Усяго ж у беларускіх калоніях сядзіць, па розных ацэнках, ад 33000 до 39000 чалавек. З іх, паводле інфармацыі ДВП, працуюць на прадпрыемствах РУПП восем тысяч чалавек.

Вы, не здагадваючыся пра гэта, таксама кожны дзень карыстаецеся рэчамі, вырабленымі асуджанымі, якія атрымліваюць жабрацкія грошы за стандартны працоўны дзень.

Прыкладам, займаючыся паасобным зборам смецця, узгадвайце, што кантэйнеры для бутэлек ПЭТ і шкла выраблены зэкамі магілёўскай калоніі №15. РУПП “Пятнаццаць” гандлюе імі наўпрост з уласнага сайта

Фота www.rup15.by

Ці можна адмовіцца ад прадукцыі беларускіх зняволеных? Паспрабуйце. Хутчэй за ўсё, у вас ёсць штосьці з велізарнага каталога ДВП МУС. Цалкам з ім можна азнаёміцца на сайце – mvd-din.by/catalog/novaya_produktsiya/.