У дачыненні да фрылансераў Аліны Скрэбуновай і Яўгена Глушкова распачалі адразу дзве адміністрацыйныя справы.

23 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


23 траўня фрылансеры Аліна Скребунова і Яўген Глушкоў, якіх міліцыя падазрае ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканала БелСАТ, з’явіліся на апытанне ў Ленінскі РАУС. Перад гэтым Скрэбунова накіравала кіраўніцтву райаддзела дзве скаргі на дзеянні супрацоўнікаў:

– Першая мая скарга тычылася інцыдэнту на выходных, калі невядомыя людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі, ламіліся ў кватэру, калі мяне там не было і апытвалі суседзяў наконт мяне. Другая скарга тычыцца затрымання ў панядзелак, 21 траўня. Тады я папярэдне размаўляла з участковым і мы дамовіліся, што ён ператэлефануе мне ў аўторак. Аднак мяне схапілі ў цёмным пад’ездзе, паводзілі сябе па-хамску, што ніяк не суадносіцца з органамі правапарадку. Да таго ж я хачу даведацца, чаму другі чалавек, які затрымліваў мяне з участковым Марозавым, не назваў сябе, – распавяла Скрэбунова.

Старшы ўчастковы інспектар Ленінскага РАУС Руслан Марозаў апытаў Скребунову з нагоды відэасюжэту пра высяленне людзей з дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў. Ён адразу склаў пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Адзіным доказам віны Аліны, па яе словах, з’яўляюцца паказанні сведак, якія нібыта апазналі яе па фота:

Прычым адна з іх не змагла разабраць, ці я на здымку. Фота не падобна на мяне, як я выглядаю ў жыцці. Я лічу, што міліцыя проста прыходзіць і заяўляе, што на фота – Скрэбунова і што ад людзей трэба толькі пацвердзіць гэта, – пракаментавала Аліна.

Міліцыянт сказаў, што дзяўчыне трэба 29 траўня патэлефанаваць у суд Ленінскага раёна наконт магчымага судовага працэсу. Скрэбунову таксама хацеў апытаць намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку са Шклова Віталь Бугаёў. Яго цікавіў сюжэт на БелСАТ пра самагубства кіраўніка аграпрамкомплекса «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага. Скрэбунова адмовілася з ім размаўляць, спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне. Апытанне чакае яе а дзесятай раніцы ў пятніцу, 25 траўня.

 

Па гэтых жа дзвух сюжэтах склалі пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ для БелСАТ на Яўгена Глушкова. Прычым у міліцыі яму намякнулі на тое, што справа ініцыяваная Камітэтам дзяржаўнай бяспекі:

Руслан Марозаў, участковы, нібы прасіў прабачэння за тое, што ён вядзе гэтую справу. Мы пагаварылі і ён даў зразумець, што ўсё пачало КДБ, – распавёў Глушкоў.

Да версіі пра ўдзел КДБ схіляецца і Скрэбунова:

Мне прама ніхто нічога не казаў, вядома. Але відавочна, што гэта справа трэба не сведкам і ня міліцыянтам. На іх проста націснулі куратары з КДБ. І я ўпэўненая што той, другі чалавек, які мяне затрымліваў і не назваў сябе, мае дачыненне менавіта да Камітэта дзяржбяспекі.

Праваабаронца Барыс Бухель, які суправаджае гэтую справу, лічыць, што гэта – беззаконне.

– Відавочна, што гэта палітычная замова. У нефармальнай абстаноўцы міліцыянты прызнаюць, што ім лішняя праца не патрэбна і ўсё спускае КДБ. Адзін журналіст не можа быць парушальнікам – вырабляць прадукцыю СМІ можа толькі рэдакцыя, а не канкрэтны карэспандэнт, – упэўнены праваабаронца.