У актавай залі “Будтрэсту №12” у пятніцу сабралася больш за паўсотні чалавек, каб высветліць, хто ж вінаваты ў тым, што людзі могуць застацца бамжамі. Шмат хто быў з дзецьмі.
З кіраўніцтвам “Будтрэсту” сустрэліся жыхары дамоў №28, 29, 30 па вул. Заслонава, а таксама № 4,6 па вул. Будаўнікоў. Прычына, па якой адбыўся агульны збор – зварот грамадзян у Адміністрацыю прэзідэнта. Нягледзячы на тое, што з боку “Будтрэста” быў тузін людзей, аддзімаўся за ўсіх Дзмітрый Марозаў, генеральны дырэктар ААТ.
– Давайце адразу. Увесь жылфонд, які ёсць ў “Будтрэста”, знаходзіцца ў дзяржавы. Ёсць тэхнічныя пашпарты, есць дадзеныя з БТІ, што будынкі маюць статус інтэрнатаў ад пачатку. Наконт вашых ордэраў – калі яны выдаваліся, не было асобных ордэраў для інтэрнатаў і дамоў, – пачаў Дзмітрый Сяргеевіч.
– У ордэрах для інтэрнатаў былі пазначаны нумар інтэрната і нумар пакою. А у нас – нумары дамоў і кватэр. Як вы маглі пачаць працэдуру высялення, калі нават не разабраліся? – Абурэнне з залы.
Як высветлілася, ордэры як раз сталіся адной з прычын непаразумення – частку з іх калісьці выдаваў выканкам, частку – непасрэдна “Будтрэст”. Сёння тое, што выдаваў горад, не прызнаецца прадпрыемствам. Людзі, якія жылі дзясяткі год у сваіх нібыта кватэрах, зараз апынуліся нібыта ў інтэрнатах. Хутка размова, якая пачыналася больш-менш спакойна, пераўтварылася ў жорсткае супрацьстаянне. У выніку размовы ўсплыла пытанне аб тым, што жыхароў дамоў хочуць перасяліць у іншае жылле, бо будынкі па Заслонава прызнаныя… аварыйнымі.
– Па дадзеным пытанні. Ёсць заключэнне атэставанага органа – інстытута “Магілёўграмадпраект”. Гэты дакумент быў разгледжаны на пасяджэнні ў гарвыканкаме. Мы ні ад каго не хаваем дакументы. Хочаце ўбачыць іх – падыходзьце, пытайцеся. Мы робім гэта для вашай жа бяспекі.
Адразу ў спрэчку ўступіў праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў жыхарам разбірацца ў справе.
– Тое, што вы кажаце – навіна. На фотакопіях, судовых пастановах няма аніводнага слова наконт аварыйнасці. Зараз ідзе размова, што людзей высяляюць праз тое, што яны, нібыта жывуць у інтэрнатах. Зараз людзі, якія ўжо выселены, напісалі заяву аб прыпыненні разгляду судовых спраў па высяленнях, пакуль не будзе рашэння па статусу будынка, – заявіў Бухель. – Зараз суды выселяюць, бо людзі страцілі працоўную сувязь з “Будтрэстам”. Няма ж рашэння, пастановы, што людзі жывуць у інтэрнатах.
Хутка стала зразумела, што кіраўніцтва “Будтрэсту” шмат чаго не разумее з таго, што спрабавалі данесці Бухель і жыхары – збольшага з-за таго, што ў бакоў меліся розныя пакеты дакументаў, кожны з якіх даказваў правату ўладальніка. Акрамя гэтага відавочнай хібай стала адсутнасць прадстаўнікоў гарвыканкаму – органа, які адказваў за некаторыя рашэнні.
Напрыклад, у 1992 годзе быў загад Міністэрства ЖКГ аб тым, каб прывесці ўсе дакументы, датычныя статуса жылля людзей у парадак. Аднак зроблена гэтага не было. На пытанне ад жыхароў “чаму”, Дзмітрый Марозаў толькі паціснуў плячыма – гэты жэст вечарам пятніцы быў мэйнстрымам.
– Я не гатовы казаць за гарвыканкам. Наколькі я ведаю, не было ў савецкі час формаў уласнасці. Суд вырашае, што сапраўдна, а што не. Вы павінны зразумець, што тут сядзяць не ворагі. Мы – проста людзі, якія працуюць на дзяржаўнай пасадзе, – паспрабаваў апраўдацца Марозаў.
Між тым, “жыхары-высяленцы” не разумелі яго і бачылі перад сабой ворагаў, часцяком выкрыкваючы не вельмі зразумелыя для астатніх без кантэксту рэчы. Канструктыўна выказвалася толькі некалькі чалавек.
– Ваш былы супрацоўнік прама казала, што было указанне, каб не казаць людзям пра статус жытла. Гэта ёсць у пратаколе судовага пасяджэння. Гэта вы можаце неяк пракаментаваць? – Спытаўся ў кіраўніцтва “Будтрэсту” Барыс Бухель.
– Не, я не ведаю пра гэта нічога, – Марозаў.
– Цікава. Добра. Але ж вы павінны вызначыцца тады, што ў судзе вырашаецца пытанне высялення не з-за аварыйнасці будынкаў, а статус кватэр ці пакояў, – Бухель.
– У нас нават балоны прывозілі “Гаргаз”. Як у інтэрнаты можна завозіць газ? Ці “Гаргаз” нічога не ведаў і парушаў? – З залі.
– У будынках былі агульныя кухні, якія потым перарабілі пад прыватныя, – Марозаў.
– Смешна, ну зусім! Ды як так можа быць, калі у кватэрах нашых кухні? – жанчына з першага шэрагу. Яна ў гэты вечар засыпала “Будтрэст”, як апынулася, новай інфармацыяй. Было бачна, што Марозаў шмат што чуе ў першы раз.
– Праблема ў тым, што шмат з таго, што вы прыводзіце, адбылося ў 1970-х. Дакументаў амаль не засталося. Мы падавалі запыты ў міністэрствы, але нам адказвалі, што ўсе яны страчаны. Мы дзейнічаем па тым, што маем зараз, – адказаў гендырэктар дванаццатага “Будтрэсту”.
Пасля абмяркоўвалася шмат прыватных момантаў, закранулі высокія кошты на ЖКГ, “Будтрэст” абвінаваціў жыхароў у самабудах – карацей, гэта была традыцыйная сустрэча дзяржавы з народам, калі ім ёсць, што дзяліць.
– Ёсць прапанова вырашыць пытанне мірна. Прапаную сабрацца з ініцыятыўнай групай на наступным тыдні і разам з вамі вызначыцца з тым, што ёсць і як павінна быць. Я бачу, што ў шматлікіх момантах, якія вы ці нехта з выканаўчай улады павінен растлумачыць гэтым людзям, вы “плаваеце”. Магчыма, мы зможам прыйсці да кансэнсуса і нават суды не спатрэбяцца, – прапанаваў Барыс Бухель і гэта было галоўным дасягненнем вечара, бо выйшлі з актавай залі абодва бакі з тым жа, з чым і ўваходзілі.
У панядзелак, 14 сакавіка, стала вядома, што суд прыпыніў разгляд спраў па высяленнях, чым даў шанец абодвум бакам на мірны дагавор.
ДАВЕДКА: 25 лютага ўсе жыхары дамоў №28,29,30 па вул. Заслонава і №4,6 вул. Будаўнікоў падпісалі скаргу, якую накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства ЖКГ, абласную пракуратуру і выканкамы. У ёй жыхары дома папрасілі прызнаць, што іх жылле – гэта жылыя дамы, а не інтэрнат, і прызнаць усе дакументы, на якія спасылаецца “Будтрэст” незаконнымі.
На сваю карысць яны прыводзяць тое, што з 1963 па прыкладна 2000 год ім выдаваліся даведкі, у якіх было пазначана, што жывуць яны ў жылых дамах з абмежаванымі выгодамі. Тое, што апошнія 15 год яны жылі ў інтэрнатах, людзі даведаліся толькі ў апошні час. Пры гэтым яны звяртаюць увагу на тое, што ім пагоршылі жыллёвыя ўмовы, не папярэдзіўшы. Таксама яны валодаюць цэлым пакетам дакументаў, у якіх пацвярджаецца статус іх жылых дамоў, а не інтэрната.