Правабаронца Алесь Бураков (aka Саша Райкан) будзе вызвалены ў панядзелак, 25 траўня, аб 11-00.

Зараз ён утрымліваецца ў магілёўскім Ізалятары часовага ўтрымання па адрасе: вуліца Крупскай, 99 Б.

15 траўня суд Ленінскага раёна Магілёва (судззя Ірына Ланчава) пакараў нашага калегу арыштам на 10 сутак за нібыта “ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

Алесь Буракоў быў затрыманы ўранні 15 траўня і дастаўлены ў Ленінскі РАУС Магілёва. Амаль да 17 гадзінаў вечара бацькам затрыманага не паведамлялі пра ягоны далейшы лёс. Але а 16:45 Алеся хуценька вывезлі ў суд Ленінскага раёна, які пагадзіўся імкліва разгледзець справу: таемнае пасяджэнне пачалося ўжо а 17-30, і на яго не паспелі патрапіць ні праваабаронцы, ні нават бацькі Буракова.