Гэта ўжо трэці раз за апошні год, калі адміністрацыя прадпрыемства спрабуе прыцягнуць каардынатара ініцыятывы «За здаровы Магілёў» хоць да якой-небудзь адказнасці.

23 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі

Увага! Пры выкарыстанні або перадруку дадзенага матэрыялу ў іншых Інтэрнэт-крыніцах, узгадванне сайта mspring.online з гіперспасылкай на арыгінальны тэкст абавязковае ў першым абзацы!


Тыдзень таму аддзел унутраных спраў Магілёўскага раёна адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу ў дачыненні да Андрэя Бодзілева па скарзе прадстаўнікоў «Омск Карбон Магілёў».

Праз некалькі дзён, 20 верасня, актывіста выклікалі ўжо ў Ленінскі РАУС, паведаміўшы яму, што праводзіцца праверка ўжо па новай скарзе кіраўніцтва завода.

Адміністрацыя «Омск Карбон Магілёў» лічыць, што Бодзілеў здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне, паколькі правёў відэа-апытанку аб інфармаванасці насельніцтва па пытаннях экалогіі без акрэдытацыі (арт. 9.28 КаАП).

У міліцыі мяне апыталі пра гэта відэа. Я растлумачыў, што мэтай апытання было даведацца меркаванне і матывацыю грамадзян удзельнічаць у вырашэнні пытанняў экалогіі. Што тычыцца вынікаў – паглядзім, які адказ дашлюць, – распавёў Бодзілеў.

Паводле яго слоў, кіраўніцтва «Омск Карбон Магілёў» накіравала скаргу спачатку ў Генеральную пракуратуру, а ўжо адтуль яе спусцілі ў Ленінскі РАУС. Пры гэтым у новым звароце няма абвінавачванняў у распальванні варожасці і абразе ўлады, як гэта было ў мінулы раз.

Гэта ўжо трэці раз за гэты год, калі прадстаўнікі завода спрабуюць прыцягнуць каардынатара ініцыятывы «За здаровы Магілёў» да адказнасці. Упершыню яны накіравалі скаргу яшчэ ў сакавіку 2019 года.