Каманда праекта «Депутаты.Могилев» дапамагла Васілю Лявоненка скласці звароты да Пятра Салаўёва і Вольгі Петрашовай.

20 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі


Пенсіянер Васіль Лявоненка змагаецца супраць, як ён заяўляе, гвалтоўнага загону ў члены гаражнага кааператыва. Пасля таго, як яму не дазволілі правесці адзіночны пікет пратэсту, Лявоненка вырашыў звярнуцца да дэпутатаў.

– Я звяртаўся ўжо і ў гарвыканкам, і ў раённую адміністрацыю, і ў газету пісаў, і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Ніхто не можа даць мне канкрэтнага адказу – таму што ў законе не улічаны выпадак, калі сярод гаражоў кааператыва застаецца адзін, гаспадар якога адмаўляецца ў кааператыў ўступаць, – сказаў Васіль Лявоненка.

Пенсіянер заяўляе, што кіраўніцтва кааператыва не грэбуе карыстацца гвалтоўнымі метадамі. Паводле яго слоў, менавіта таму яму адключылі электраэнергію ў пабудове, кабеля для якой ён яшчэ ў канцы 80-х пракладваў са сваім бацькам.

– Пры гэтым кааператыў без маёй згоды выкарыстоўвае мой гараж для свайго абсталявання. А менавіта да брамы гаража прывараны металічныя трубы з электраправодкай, якая забяспечвае электраэнергіяй гаражы іншых членаў кааператыва. Таксама на сцяне майго гаража ўроблены скрынкі разгалінавання. Сваёй згоды на выкарыстанне гаража я не даваў, а кааператыў выкарыстоўвае яго ў сваіх мэтах самавольна, – заявіў Лявоненка.

Каманда праекта «Депутаты.Могилев» дапамагла пенсіянеру скласці зварот, з якім Васіль Леаненка наведае дэпутата Пятра Салаўёва падчас асабістага прыёму. Таксама «Депутаты.Могилев» аформілі адпраўку электроннага звароту.

Акрамя гэтага, каманда праекта падрыхтавала для пенсіянера зварот да дэпутата па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 Вольгі Петрашовай. Ён будзе перададзены прадстаўніку парламента падчас асабістага прыёму.