Магілёўскім праваабаронцам паўторна даслалі адказ на іх адкрыты ліст. На гэты раз – ужо на беларускай.

28 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. На здымку – Ігар Марзалюк і Аляксей Аўласовіч у археалагічнай лабараторыі МДУ ім. А.А. Куляшова


Аляксей Колчын, Аляксандр Буракоў і Барыс Бухель прасілі растлумачыць, ці лічыць дэпутат справядлівым той факт, што людзей, якія слухалі яго выступ на мірным мітынгу 15 сакавіка, пакаралі адміністрацыйнымі штрафамі і арыштамі. У сярэдзіне красавіка ім прыйшоў адказ па-руску, у якім Ігар Марзалюк паведаміў пра тое, што накіраваў запыт ва УУС Магілёўскага аблвыканкама з просьбай інфармавання аб прычынах затрымання сямі чалавек. Праваабаронцы ўбачылі ў гэтым парушэнне закона аб зваротах грамадзян – свой калектыўны ліст яны накіроўвалі на беларускай.

Каманда дэпутата выправілася сама. За подпісам Ігара Марзалюка прыйшоў беларускамоўны варыянт адказу, а памочнік дэпутата Аляксей Аўласовіч прынёс прабачэнні за дапушчаную памылку:

«З прычыны невялікага досведу працы са зваротамі выбаршчыкаў, пры падрыхтоўцы адказу я выпусціў з-пад увагі правіла адказу на мове заяўніка», – напісаў у суправаджальным лісце Аўласовіч.

– Памылкі бываюць ва ўсіх, таму скардзіцца на парушэнне закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў” менавіта ў гэтым выпадку не варта. Людзі сумленна прызналі недагляд, папрасілі прабачэння і даслалі адказ, які павінен быў быць першапачаткова. Гэта нармальна, – пракаментаваў сітуацыю адзін з падпісантаў адкрытага звароту Барыс Бухель.