А на дыскусію аб цэнзуры ў Інтэрнэце “не хапіла часу”.

29 красавіка. Магілёў. МДУ імя. А. А. Куляшова. Алесь Святліцкі
Фота – сайт Магілёўскага аблвыканкама


 

II абласны форум маладых журналістаў сабраў у МДУ А. А. Куляшова больш за паўсотні мясцовых студэнтаў спецыяльнасці “Журналістыка” і работнікаў дзяржаўных масмедыя, якія выступілі ў якасці лектараў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Магілёўскі аблвыканкам, «Беларускі саюз журналістаў» і ВНУ.

На форуме выступілі карэспандэнты БелТА, «Звязды», «Савецкай Беларусі», «Магілёўскіх ведамасцяў», «Весніка Магілёва» і некаторых раённых газет, якія паспрабавалі падзяліцца сакрэтамі прафесійнага майстэрства. Адзначым агульнавядомы факт – большасць з пералічаных выданняў карыстаюцца датацыямі дзяржавы, а таксама забяспечваюць наклады пры дапамозе «рэкамендаваных падпісак».

Ні воднага журналіста – прадстаўніка недзяржаўных масмедыя – на форуме не было. Гэта пры тым,  што ў Магілёўскай вобласці мае свой карпункт найбуйнейшы беларускі партал TUT.by, а таксама працуе акрэдытаваны журналіст інфармацыйнага агенства «БелаПАН», не кажучы ўжо пра стос фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з найбуйнейшымі незалежнымі беларускімі выданнямі.

Таксама ў рамках форуму павінна была адбыцца дыскусія пра змены ў Закон аб СМІ, аднак, па інфармацыі MSPRING.ONLINE, арганізатары мерапрыемства вырашылі заняць гэты час выступамі гісторыка, доктара навук і сенатара Ігара Марзалюка, дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алега Хмялькова і намесніка рэдактара газеты “Зара над Друццю” Андрэя Супіталёва.

Нагадаем, праваабарончая арганізацыя Freedom House аднесла Беларусь у дзясятку горшых краін з пункту гледжання свабоды слова сродкаў масавай інфармацыі. Наша краіна апынулася на 192-м месцы з 199 дзяржаў свету.