«Наша мэта – выраз змяшаных пачуццяў пра правы на мірныя сходы ў Беларусі». Паведамленне ўжо накіравана у гарвыканкам.

19 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Валанцёрская служба «Магілёўскай вясны» і праваабаронцы ПЦ «Вясна» напачатку траўня збіраюцца правесці абсурдны пікет «Манстрацыя». Апавяшчэнне ўжо накіравана гарадскім уладам.

Дзякуючы заканадаўству, да адказу з гарвыканкама мы не можам назваць дату, калі мы хочам яе правесці. Скажу толькі лозунг «Мир, труд, омский зуд», – расказаў адзін з заяўнікаў праваабаронца Аляксандр Буракоў.

Як ён кажа, «Манстрацыя» пройдзе ў форме пікета:

– Наша мэта – выраз змяшаных пачуццяў пра права на мірныя сходы ў Беларусі. Апроч таго, Магілёву значна бракуе самаіроніі, гумару і накіраванасці да перфомансаў, – патлумачыў Буракоў.

У мерапрыемстве возьме ўдзел да дзесяці чалавек, бо больш масавы сход пацягне вялікія грашовыя растраты. Арганізатары сцвярджаюць, што яны гатовы аплаціць паслугі ўсіх патрэбных службаў – «хуткай дапамогі», міліцыі і камунальнікаў. Іх не бянтэжыць малая колькасць удзельнікаў:

– Да дзесяці чалавек будзе толькі ў месцы правядзення «Манстрацыі». Але маральна з намі будуць усе неабыякавыя суграмадзяне Беларусі, якія праводзяць «манстрацыі» у фармаце з’едлівых каментароў у Інтэрнэце, – сказаў праваабаронца.

Раней падобную акцыю правялі валанцёры праваабарончага цэнтра «Вясна» у сакавіку ў Мінску. Але з гэтым мерапрыемствам, як сцвярджаюць арганізатары, магілёўская «Манстрацыя» не звязана  – сваю акцыю валанцёры «Магілёўскай вясны» прыдумалі падчас крэатыўнага марафону Re:Cola у Магілёве 16 лютага.