Напярэдадні дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі мясцовая міліцыя зноў смялее і творыць дзіч.

28 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Праваабаронцам «Магілёўскай вясны» паведамілі пра затрыманне раніцай 28 жніўня юнай дзяўчыны Аляксандры Шкарубы. Каля 11 раніцы да яе дадому заявіліся супрацоўнікі Ленінскага РАУС і запатрабавалі праехаць зь імі.

У міліцыі студэнтцы БРУ прад’явілі прэтэнзіі за ўдзел у мірнай акцыі – яе нібыта вылічылі па відэа, на якім было відаць, што ў яе быў сцяг.

Адразу пасля гэтага на адрас Шкарубы паляцелі абразы і пагрозы. Яе называлі «утрыманкай» і абяцалі, што будуць спрыяць яе вылету з універсітэта.

Таксама яны патрабавалі інфармацыю пра акцыі пратэсту ў Магілёве і іх удзельніках. У адваротным выпадку дзяўчыне пагражалі спачатку штрафамі або арыштам на некалькі сутак, а пасля – турмой. Ад Шкарубы запатрабавалі, каб яна падпісала паперу з абавязацельствам не ўдзельнічаць у мірных акцыях. Акрамя таго, ёй выпісалі позву ў Ленінскі РАУС на 29 жніўня, куды павінен прыйсці пракурор.

Сваякі Аляксандры маюць намер абскардзіць дзеянні міліцыі ў пракуратуры.

ПРАПАЎ БЕЗ ВЕСТАК НА ТРЫ ДНІ

Але і гэта яшчэ не ўвесь паліцэйскі трэш нашага гарадка. 28 жніўня праваабаронцам паведамілі пра знікненне Аляксандра Іванькова.

Ён быў затрыманы невядомымі яшчэ 25 жніўня прыблізна 16 гадзін на мосце па праспекце Дзімітрава. Па дадзеных яго блізкіх, у яго пры сабе быў сцяг.

На працягу трох сутак супрацоўнікі міліцыі адмаўлялі, што Іванькоў знаходзіцца ў іх. У Ленінскім РАУС сцвярджалі, што ён утрымліваецца ў ІЧУ, аднак у ізалятары заяўлялі, што ў іх няма такога чалавека.

Толькі пасля публікацыі інфармацыі пра знікненне Аляксандра Іванькова ў Інтэрнэце і пачатку масавай абтэлефаноўкі Ленінскага РАУС, мужчына нечакана «знайшоўся» ў ізалятары часовага ўтрымання.

Па словах дзяжурнага, Іванькоў арыштаваны на пяць сутак. Артыкул, па якім судзілі Іванькова, назваць адмовіліся.