Марзалюк супраць Рымашэўскага: што адбывалася на дэбатах у бітве за дэпутацкае крэсла ВІДЭА

Кароткі тэкст і відэа дэбатаў кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84.

5 лістапада. Алесь Святліцкі. Магілёў


За два тыдні да выбараў па тэлеканале «Беларусь-3» паказалі запіс дэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84.

Паміж сабой апанавалі парламентарый Ігар Марзалюк, кандыдат Аляксандр Паўлаў і давераная асоба кандыдата Алега Аксёнава, су-старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі. Яшчэ трое кандыдатаў ад дэбатаў адмовіліся.

Асноўная слоўная бойня разгарнулася паміж Марзалюком і Рымашэўскім. Паўлаву за 15 хвілін эфіру не было зададзена ніводнага пытання.

Дзеючы дэпутат злёту спытаў у Рымашэўскага, што можа даць грамадзянам Алег Аксёнаў – чалавек, які, па словах Марзалюка, жыве на пенсію і зарплату жонкі.

– Ён зарабіў 0 рублёў, хоць пазначана, што ён дырэктар прыватнай фірмы, – з’едліва сказаў Марзалюк.

У адказ на гэта Рымашэўскі заявіў, што Марзалюк хлусіць. Дэпутат парыраваў гэта выказванне тым, што інфармацыю ён узяў з афіцыйна апублікаванай дэкларацыі.

Паўлаў, у сваю чаргу, пацікавіўся, чаму Аксёнаў, будучы прадстаўніком БХД, вылучаецца ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (пры гэтым Аляксандр памыліўся ў назве, сказаўшы «Аб’яднанне грамадзянскай партыі»).

Рымашэўскі адрэагаваў словамі аб тым, што БХД і АГП уваходзяць у адну кааліцыю і нічога дзіўнага тут няма. Палітык таксама заявіў, што Аксёнаў збіраў подпісы.

Паўлаў не задаволіўся адказам і спытаў, чаму ж Аксёнаў, калі збіраў подпісы, ня вылучыўся з іх дапамогай.

Лідэр БХД быў кароткі:

– Я адказаў на ваша пытанне.

На працягу ўсіх дэбатаў Рымашэўскі некалькі разоў абяцаў адказаць на пытанні апанентаў у канцы, але мы (рэдакцыя MSPRING.ONLINE – заўв.) ці то выпусцілі адказы з-пад увагі адказы, ці то іх так і не было.

Хрысціянскі дэмакрат, у сваю чаргу, спытаў з Марзалюка аб бяздзейнасці пры прыняцці «закона аб дармаедах», «закона аб адмене адтэрміновак» і павышэнні пенсійнага ўзросту.

Дэпутат у адказ заявіў, што навучэнцаў ВНУ ніхто не дыскрымінуе, а «дэкрэт аб дармаедах» дапрацавалі і зараз «ён нармальны».

Убачыць дэбаты можна цалкам вось тут.