Палітык заявіў, што «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка патрэбна была рэвалюцыя, а не рашэнне праблем.

3 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У афіцыйнай групе дэпутата Палата прадстаўнікоў «Укантакце» апублікавалі тэкст пра выступы Ігара Марзалюка перад калектывамі прадпрыемстваў, якія ён наведаў 23 і 24 сакавіка. Як становіцца ясна з тэксту, палітык шмат увагі надаў Дэкрэту №3 і акцыі пратэсту, якая адбылася 15 сакавіка ў цэнтры Магілёва.

Адносна мінулага мітынгу. Мы за ўсім сочым ў інтэрнэце, асабліва давяраем «незалежным» крыніцам. Бо калі недзяржаўны, значыць абавязкова піша праўду. Я пераканаўся на сваім прыкладзе, колькі там бруднай хлусні. Геббельская прапаганда адпачывае ў параўнанні з «БелСат» і «Беларускім партызанам».

Я вось 15 сакавіка прыйшоў да людзей, не хаваўся ні за кім. Там з жыхароў нашага горада было чалавек 100, калі не менш, усяго каля 300. Ня прыдумляю, я чуў ўкраінскую мову ад двух чалавек. І па-руску таксама правільна гаварылі з піцерскім пранонсам. З Менску былі людзі, з Брэста, Гродна. Вандроўны цырк, якому аплацілі білеты, каб катацца на дызелях ад горада да горада. Гэтым патрэбныя нейкія там рэчы па Дэкрэту?! Ім рэвалюцыю падавай.

Яшчэ адна вельмі важная навіна. У актывістаў «Белага легіёну» на днях з кватэры канфіскавалі 3 карабіна, траціл, аўтаматы, гранаты і іншыя баявыя зброі …

І ўсё гэта павінна было выбухнуць 25 сакавіка. Каб выглядала, нібы ўлада стрэліла ў мірных дэманстрантаў, а тыя б потым у адказ, і пачалося. Таму пагаварыце са сваімі дзецьмі, унукамі, растлумачце, што яны – проста гарматнае мяса, што на вуліцах нічога не вырашаецца, а калі і вырашаецца, то становіцца толькі горш. Не хацелася б прыводзіць прыклад ні Украіны, ні іншых … І калі камусьці патрэбныя вялікія ўзрушэнні, то нам патрэбна вялікая краіна.

Беларусь будуецца ў аўдыторыях. Улада мяняецца канстытуцыйным, цывілізаваным шляхам. Пратэсты павінны быць мірнымі, а калі хтосьці выкарыстоўвае зброю – гэта ўжо іншае.

Нагадаем, у Магілёве пасля акцыі пратэсту было затрымана каля 10 чалавек. У выступе Ігара Марзалюка на несанкцыянаваным мітынгу міліцыя складу правапарушэння не знайшла.