Бабруйскае СІЗА-5: помнік архітэктуры, які згадваў Герцэн і які пара зачыняць

Праваабаронцы магілёўскай «Вясны» адмыслова з’ездзілі ў Бабруйск, каб на свае вочы ўбачыць адно з самых трэшовых СІЗА Беларусі.

29 жніўня. Магілёў. Саша Мінько. Фота аўтара

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Следчы ізалятар №5 Упраўлення ДВП МУС па Магілёўскай вобласці размешчаны ў Бабруйску па адрасе завулак 1-шы Пераезны, 10. Праўда, гэты адрас у самым Бабруйску мала хто ведае. На пытанне, дзе знаходзіцца СІЗА, мясцовыя жыхары адказваюць «вежа Опермана». Будынак з чырвонай цэглы, якому хутка споўніцца 200 гадоў, стаіць на тэрыторыі былой Бабруйскай крэпасці і мае форму падковы.

Убачыць цалкам помнік архітэктуры ўжо не атрымаецца, ён абгароджаны высачэзным плотам. У гарадскім музеі ёсць яго макет, але мы вырашылі апублікаваць фота вядомага бабруйскага фатографа Віктара Шэйкіна з выдання «Камерцыйны кур’ер». Чатыры гады таму ён змог пабываць на экскурсіі ў гэтай установе і ўбачыў макет усяго СІЗА.

Фото: komkur.info

Трохпавярховы старадаўні будынак несумненна ўяўляе культурную каштоўнасць і мог бы стаць, напрыклад, музеем. Бабруйскую крэпасць пачалі будаваць у 1810 годзе, і яна адыграла істотную ролю ў вайне з Напалеонам 1812 года. Будаваў яе расійскі інжынер нямецкага паходжання Карл Оперман. Цалкам будаўніцтва было завершана толькі ў 1836 годзе, гэта значыць, ужо пасля смерці інжынера (ў 1831 годзе). І ў памяць пра яго турэмная вежа была названая «вежа Опермана».

Ужо ў 1831 годзе вежа выкарыстоўвалася як палітычная турма. Першымі яе арыштантамі сталі дзекабрысты, а крыху пазней тут ўтрымліваліся ўдзельнікі паўстання 1831 года. Падчас Другой сусветнай вайны нацысты выкарыстоўвалі форт для ўтрымання савецкіх ваеннапалонных – гэта быў перасыльны лагер. Пасля вайны ў вежы трымалі рэпрэсаваных савецкіх грамадзян, а да красавіка 1969 году ў ёй размяшчаліся камеры папярэдняга зняволення.

У якасці СІЗА №5 будынак быў ўзяты пад ахову ў 1969 годзе, і тады адміністрацыя размяшчалася ў рэжымным корпусе. У 1975 годзе была праведзена рэканструкцыя, і да вежы прыбудавалі новы адміністрацыйны будынак, а камеры зняволеных пераабсталявалі. Фактычна гэта быў адзіны раз, калі дзяржава хоць неяк паклапацілася, як пра арыштант, так і пра тых, хто іх ахоўвае. Прыбудаваны адміністрацыйны корпус цалкам перакрывае від на ўнутраную «падкову» СІЗА:

Да гэтага часу СІЗА №5 ў “вежы Опермана” абслугоўвае акрамя Бабруйска яшчэ шэсць суседніх раёнаў – пяць з іх адносяцца да Магілёўскай вобласці і адзін да Гомельскай. Улічваючы геаграфію, сюды трапляюць, як правіла, грамадзяне, падазраваныя ў крадзяжах, хуліганстве, п’янстве за рулём, рабаваннях, і ў апошні час – за нарказлачынствы. Разлічаны ізалятар на 310 падследных, а аховай і абслугоўваннем займаюцца крыху больш за 100 чалавек. Калі падысці ўшчыльную да бетоннага плота СІЗА, нічога цалкам не ўбачыць:

У 2002 годзе помнік гісторыі і архітэктуры «Бабруйская крэпасць» быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, і аднесены да каштоўнасцяў рэспубліканскага значэння. На самой справе старадаўні Бабруйск быў цалкам разбураны царскімі войскамі, а на яго месцы і была пабудавана цытадэль. Зараз ад крэпасці засталіся толькі дзе-нідзе руіны. Вежа Опермана акружаная з аднаго боку чыгуначным насыпам, а з другога агародамі прыватнага сектара. Вось такое суседства:

Бабруйскія гісторыкі сцвярджаюць, што пры будаўніцтве вежы прыйшлося змяніць рэчышча ракі. Пад вежай па галоўнай яе восі будаўнікі праклалі гранітную трубу вялікага дыяметра, а за межамі збудаванні рака праклала новае рэчышча. Гэта, бадай, адзінае месца, якое дазваляе наблізіцца да СІЗА:

Каб сфатаграфаваць хаця б верхні паверх турмы, трэба выбраць пазіцыю ледзь наводдаль ад плота, пажадана ў каго-небудзь на агародзе. І ўсё становіцца ясна, што тычыцца ўмоў утрымання зняволеных. Злева мы бачым, што, як мінімум, два аконных праёмы зачыненыя жалезнымі лістамі. Гэта грубае парушэнні як Мінімальных стандартных правілаў ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі, так і санітарна-гігіенічных нормаў Рэспублікі Беларусь. Летам у камерах невыносна горача:

Што ж тычыцца іншых вокнаў, то нават без ліставога жалеза яны выглядаюць не лепш, улічваючы, што таўшчыня сцяны крэпасці складае паўтара метра. Звонку праём зачынены сеткай тыпу «рабіца», праз паўметра ўглыб стаіць масіўная жалезная рашотка, а высветліць, як выглядае сам аконны пераплёт, аказалася задачай нерэальнай.

Не лепш справы і з унутранага боку «падковы» будынка. Пры спробе фатаграфавання карэспандэнт MSPRING.ONLINE быў спынены аховай. Таму зноў звернемся да фатаграфій Віктара Шэйкіна. Адміністрацыя СІЗА вырашыла з дапамогай журналістаў папалохаць грамадзян, але не ўлічыла, што на фота будуць зафіксаваныя відавочныя парушэнні. Усе вокны зашклёныя старымі савецкімі напаўпразрыстымі шклаблокамі. Каэфіцыент натуральнай асветленасці (КНА) можна нават не замяраць. Відавочна, ён будзе ніжэйшы любога дапушчальнага ўзроўню:

Фота: komkur.info

І так ва ўсіх аконных праёмах будынка. Вось так ён выглядае цалкам, выгляд з ўнутранага панадворка.

Фота: komkur.info

Па-над шклаблокамі ўсталяваная яшчэ і дыхтоўная жалезная рашотка. Улічваючы, што будынак не вельмі вялікі, можна меркаваць, што на ўнутраным боку «падковы» знаходзяцца памяшканні кантралёраў. Відавочна, іх права на ахову здароўя таксама парушаецца.

Што тычыцца арыштаваных, якія знаходзяцца ў ізалятары да суду (гэта значыць, яшчэ не вінаватых), то іх становішча значна горш. Яны сядзяць на знешнім радыюсе вежы, на кожным з двух верхніх паверхаў якой ўладкованыя па 14 камер. Нават калі б вокны былі насцеж адчыненыя, дзённага святла ўсё роўна не хапала б для нармальнага функцыянавання чалавека. На наступным фота Віктара Шэйкіна можна падлічыць: у адной з камер стаяць двух’ярусныя ложкі аж на 16 чалавек. Мяркуючы па фота, нормы плошчы таксама не вытрымліваюцца:

Фота: komkur.info

 

Яшчэ адна гістарычная даведка. Расійскі публіцыст і грамадскі дзеяч Аляксандр Герцэн у 1852 годзе ў сваёй працы «Лісты з Францыі і Італіі» згадваў бабруйскую турму. Вось цытата: «Перш за ўсё трэба ведаць, што такое французскія турмы. Адзін дазвол бачыцца з іншымі арыштантамі і разам гуляць робіць іх лепш за Шпільберг, Шпандаў або Бабруйск».

Старая Бабруйская турма будавалася нямецкімі інжынерамі па ўзоры сярэднявечных сутарэнняў. Такім застаецца СІЗА №5 і цяпер. Умовы ўтрымання ў бабруйскім следчым ізалятары гэта не проста пазамінулае стагоддзе. Падобна на тое, каб прывесці іх у адпаведнасць з беларускімі і міжнароднымі нормамі, СІЗА прасцей закрыць.