Генеральная пракуратура адмовілася высветліць, адкуль у Лукашэнкі былі грошы на вылучэнне кандыдатам

Паводле афіцыйнай інфармацыі з сайта ЦВК, да рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, у Аляксандра Лукашэнкі наогул не было ніякага рахунка для сваёй кампаніі. Пры гэтым праходзілі пікеты і сустрэчы з грамадзянамі. Адкуль грошы?

23 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Адзін з магілёўцаў на ўмовах ананімнасці распавёў MSPRING.ONLINE, што папрасіў праверыць Генеральную пракуратуру дзіўную сітуацыю, звязаную з дзеючым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Справа ў тым, што пасля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, толькі адзін з вылучэнцаў не адкрыў выбарчы фонд. Дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка фармальна прасоваў сваю кампанію без сродкаў.

Па стане на 24 чэрвеня, усе, акрамя Лукашэнкі, выбарчыя рахункі мелі. Напрыклад, у Бабарыкі да канца этапу здачы подпісаў было больш 155 тысячаў рублёў, у Цапкалы – амаль 55 тысяч, у Ціханоўскай – крыху менш за 7 тысяч.

Варта адзначыць, што прэтэндэнты на прэзідэнцтва могуць выкарыстоўваць грошы на сваю кампанію толькі з гэтых самых выбарчых фондаў – у тым ліку на пікеты па зборы подпісаў, сустрэчы з грамадзянамі і нават на ўмоўную раздрукоўку матэрыялаў.

Магілёвец папрасіў праверыць Генеральную пракуратуру, на якія ж грошы Лукашэнка праводзіў сваё вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты.

– Паводле інфармацыі ЦВК, Лукашэнка не карыстаўся выбарчым фондам, хоць у яго падтрымку праводзіліся пікеты, ставіліся намёты і збіраліся галасы, выкарыстоўвалася друкаваная прадукцыя. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь забараняе выкарыстоўваць грошы не з выбарчага фонду. Я папрасіў патлумачыць, якая ж тады была крыніца фінансавання ў Аляксандра Рыгоравіча. У выпадку парушэння закона, я прасіў прыняць неабходныя меры – аж да адмены яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, – распавёў аўтар звароту.

Генеральная пракуратура ў адказ паведаміла магілёўцу, што не будзе разглядаць яго зварот.

«Не прыводзіцца канкрэтных фактаў парушэння заканадаўства, а довады, якія прыводзяцца, носяць характар ​​здагадак і нічым аб’ектыўным не пацверджаныя», – коратка адрэагавала супрацоўніца Генпракуратуры Марына Папова.

Варта адзначыць, што ўжо пасля рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты ў Лукашэнкі з’явіўся выбарчы фонд. На 22 ліпеня ў яго грошай больш, чым ва ўсіх іншых разам узятых кандыдатаў – амаль 238 тысяч рублёў. У бліжэйшай па гэтым паказчыку суперніцы – Святланы Ціханоўскай – амаль 52 тысячы.