У трактоўцы Станіслава Леўчанкі, маніторыць ягоную дзейнасць – гэта выступаць супраць уладаў.

Адпаведную выснову зрабіў магілёвец Юрый Гарбаценка, калі знаёміўся з матэрыяламі праверкі па яго звароту ў судзе Магілёўскага раёна:

Там напісана, што ў рамках праверкі суддзя СтаніслаўЛеўчанка пісаў тлумачэньне, у якім пазначана, што я са сваімі таварышамі Аляксандрам Хамратавым і Зміцерам Здобнікавым  20 студзеня спрабаваў увайсці ў пазапрацэсуальныя зносіны з ім, хоць ён быў заняты гутаркай з адвакатам Ганчаровым. Маўляў, ён адмовіўся ўступаць з намі ў кантакт, паколькі палічыў нас прадстаўнікамі несістэмнай апазіцыі, пасля чаго прасіў нас пакінуць кабінет, а мы не рэагавалі, – распавёў нашаму карэспандэнту Юрый Гарбаценка.

Малады чалавек адзначае, што яны ўсяго толькі хацелі прысутнічаць у якасці назіральнікаў на адкрытым судовым пасяджэнні, што не супярэчыць дзеючаму заканадаўству. Дарэчы, суд, які адбыўся над Здобнікавым, Хамратавым і Гарбаценкай 22 студзеня прызнаў, што яны не парушалі правілы паводзін у судзе.

 – Сцвярджэнне Станіслава Леўчанкі пра тое, што я з’яўляюся прадстаўніком несістэмнай апазіцыі, а гэтак жа тое, што я не адрэагаваў на яго просьбу пакінуць кабінет, з’яўляецца паклёпам, ганьбуе мой гонар, маю годнасць і дзелавую рэпутацыю, – заявіў Гарбаценка.

Малады чалавек вырашыў звярнуцца ў суд Ленінскага раёна, каб там словы Леўчанкі прызналі не адпаведнымі рэчаіснасці.

У дзеючым заканадаўстве не прадугледжаны падстава і парадак кампенсацыі страт і шкоды суддзёй суда ў сувязі з ажыццяўленнем ім прафесійнай дзейнасці, – адзначае Юрый Гарбаценка. – Аднак я лічу, што Леўчанка не ажыццяўляў прафесійную дзейнасць. Тлумачальную ён пісаў, па сутнасці, як сведка. У такім жа статусе ён быў апытаны ў ходзе судовага паседжання ў судзе Ленінскага раёна 22 студзеня. Так што я маю поўнае права на зварот у суд з пазовам да Станіслава Леўчанкі аб абароне гонару і годнасці.

Акрамя гэтага, актывіст папросіць спагнаць страты, панесеныя ім у сувязі з падачай пазову.