Алена Крэнь, якая атрымала штраф за ўдзел у «Маршы недармаедаў», абскардзіць рашэнне беларускіх судоў на міжнародным узроўні.

14 красавіка. Магілёў-Жэнева. Алесь Святліцкі. Здымак – Аляксандр Бураков, Deutsche Welle


Алену Крэнь, якая выхоўвае чацвярых дзяцей, асудзілі 16 сакавіка 2017 года на штраф у 10 базавых велічынь за актыўны ўдзел у Маршы недармаедаў. Жанчына не пагадзілася з гэтым рашэннем і абскардзіла яго, аднак касацыйны суд пакінуў штраф у сіле.

На думку Крэнь, яна нічога супрацьпраўнага не здзейсніла, паколькі не парушыла сваімі дзеяннямі грамадскі парадак, правы і свабоды іншых асоб.

Суддзя і міліцыянты груба парушылі мае правы, якія гарантуюцца Канстытуцыяй – на свабоду мітынгаў, на свабоду выказвання меркавання, а таксама права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi, заяўляла Алена Крэнь падчас суду.

Жанчына спаслалася на міжнародныя прававыя дакументы, у тым ліку міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваны Беларуссю:

Суддзя суда Ленінскага раёна Касцюк і супрацоўнікі МУС незаконна праігнаравалі прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, усталяваны спецыяльным Законам “Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь».

Сумесна з праваабаронцам Барысам Бухелем Алёна падрыхтавала скаргу і накіравала яе ў канцы мінулага снежня ў Камітэт па правах чалавека ААН.

14 красавіка прыйшло паведамленне з КПЧ – скаргу Крэнь прынялі і зарэгістравалі пад нумарам 3173/18. Яе перанакіравалі беларускім уладам, каб тыя выказалі сваю пазіцыю.

Барыс Бухель не сумняецца ў канчатковым поспеху, паколькі скаргі беларусаў на парушэнне свабоды мірных сходаў практычна заўсёды прызнаюцца абгрунтаванымі і задавальняюцца КПЧ.