Кіраўнік “Магілёўскай вясны” Аляксей Колчын распавёў, як трапіў на роварны марафон “Парыж-Брэст-Парыж” і што з гэтага атрымалася.

30 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online яккрыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Аляксей Колчын ужо шмат год узначальвае магілёўскае аддзяленне праваабарончага цэнтру “Вясна”. Дзякуючы яму мясцовыя праваабаронцы могуць дапамагаць іншым – ад кансультацый па правядзенні пікета супраць “закона аб адтэрміноўках” да маніторынгу сітуацыі ў цыганскіх мікрараёнах пасля масавай аблавы.

Звычайна, вольнага часу ў Аляксея не шмат – але ён здолеў знайсці тыдзень, каб дасягнуць сваёй мары і праехаць адзін з самых доўгіх, самы стары і самы прэстыжны веламарафон у свеце, які праводзіцца раз на чатыры гады – “Парыж-Брэст-Парыж” (размова пра французскі Брэст, так, ёсць і такі).

За 89 гадзін ён праехаў 1219 кіламетраў. Усяго ў гэтым роварным тарнада ўзялі ўдзел амаль 7 тысячаў чалавек і Аляксей апынуўся ў эпіцэнтры гэтага мерапрыемства. Як гэта было і чым гэта скончылася – чытайце ніжэй.

ЯК ПРЫЙШОЎ ДА ДУМКІ, ШТО ТРЭБА ПРАЕХАЦЬ 1200 КІЛАМЕТРАЎ НА РОВАРЫ

Катацца на ровары я любіў з дзяцінства. Прычым менавіта на нейкія далёкія дыстанцыі. І менавіта таму неяк я зразумеў, што магу ехаць на далёкія дыстанцыі, гэтак званыя “брэветы”, арганізаваныя велападарожжы на доўнія дыстанцыі. Саспеў я паступова. Даўно чуў пра гэтую гонку, аматарскую “алімпіяду”, як мы паміж сабой яе клічам. Яна вельмі прэстыжная менавіта ў аматарскім асяроддзі, бо гэта такое выпрабаванне на трываласць. Як пісалі ў адным французскім СМІ, назву ўжо не памятаю, гэта такі “Эверэст велатурызму”.

Атрыманне асалоды – гэта галоўнае для велаўдзельнікаў гэтай гісторыі. Гэта і атмасфера, і тое, што сустракаесся з тысячамі такімі ж апантаных людзей, як ты. Гэта проста неверагоднае свята – арганізатары, валанцёры, удзельнікі, усе гэтыя людзі прыкладаюць максімум высілкаў, каб гэта было сапраўды святочным мерапрыемствам.

Вельмі здзівіла, што нават для мясцовых жыхароў гэта вельмі вялікая падзея. Вось здавалася, едуць чувакі з розных краін, катаюцца па Францыі. А для жыхароў гэта сапраўды свята – яны заўсёды вельмі радасна рэагуюць і падтрымліваюць раварыстаў. Не было ніводнага чалавека, які б хаця б не павітаў раварыстаў. Вось ты едзеш, а там стаяць людзі. І яны заўсёды будуць крычаць, махаць, вітаць, дзеці будуць падбягаць і падстаўляць далоні, каб “даць пяць” ці павітацца. З усяго гэтага складаецца незабыўнае ўражанне. Натуральна, што і Францыя – краіна вельмі прыгожая, маляўнічая, дарогі там вельмі цікавыя для раварыстаў. Вельмі, па беларускіх мерках, цяжкія, для нас гэта фактычна горы. Павароты. Няма там такога, што траса йдзе прама на дзясяткі кіламетраў, як там траса Магілёў-Менск ці Магілёў-Мсціслаў. Дарога круціцца туды-сюды, заўсёды нейкія павароты. Гэта і выпрабаванне, і вялікае задавальненне адначасова.

ПРА РОЗНІЦУ ПАМІЖ ВЕЛА-БЕЛАРУССЮ І ВЕЛА-ФРАНЦЫЯЙ

Калі падыходзіць з пункту гледжання, то гэта розніца ў рэльефе і ў тым, што я ўжо казаў. Там значна больш цяжка і істотна цікавей, чым у нас. Калі казаць пра інфраструктуру, то гэта пытанне асобнае і тычыцца вялікіх гарадоў, збольшага. Я паездзіў крыху па Парыжы, паглядзеў, як арганізаваны веларух і гэта, канешне, феерычна адрозніваецца ад таго, што ёсць у Беларусі. Там чалавек на ровары – паўнавартасны ўдзельніл дарожнага руху. Там немагчымая сітуацыя, каб раварыстаў шчамілі ці намагаліся з іх зрабіць другасных удзельнікаў руху. Яны звычайна маюць сваю выдзеленую паласу. Калі не – яны маюць права рухацца па праезнай частцы. Ад нашай практыкі гэта адрозніваецца вельмі моцна.

Я калісьці ў Беларусі атрымаў штраф за тое, што перасоўваўся на ровары па праезнай частцы. І з гэтым вельмі шмат хто з велааматараў беларускіх сутыкаецца. Па нашых правілах, ты можаш апынуцца на праезнай частцы толькі ў нейкіх надта выключных выпадках, як гэта напісана ў ПДР.

Шмат хто з мясцовых велааматараў, у тым ліку і я, прытрымліваюцца думкі, што мы не павінны рухацца па тратуарах і ўвогуле дзяліць прастору з пешаходамі. Перш за ўсё, гэта небяспечна для саміх пешаходаў. Я лепш буду плаціць штрафы, чым рызыкаваць сваёй воляй у выніку нейкага няшчаснага выпадку, калі дзіцёнак, напрыклад, выбяжыць мне пад колы. Так ці інакш, але ровар – гэта вялікая жалезная махіна, якая небяспечная сама па сабе, не кажучы ўжо па ўмоўнага 80-кілаграмовага раварыста на ёй, які нясецца даволі хутка. Зараз жа процьма такіх выпадкаў, калі падлеткі лётаюць як шалёныя па тратуарах. Шмат было ўжо такіх прыкрых інцыдэнтаў.

Ідэальная сітуацыя – гэта калі пешаходы асобна, аўтамабілі асобна і раварыста асобна. Прынамсі, да гэтага трэба імкнуцца. Але гэта стане магчымым толькі тады, калі раварыст перастане быць у Беларусі гэтакім ізгоем. Ён жа зараз ледзь не па-за законам: і па дарозе не можа ехаць, і на тратуары стварае небяспеку. Урэшце рэшт, ёсць жа фантастычная сітуацыя, калі ў Магілёве забаронена ехаць на ровары і па тратуары – гэта я пра Ленінскую.

ПРА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ З БЕЛАРУСІ

Я быў далёка не адзіным, нас было дзесяць чалавек. З усіх я паказаў далека не лепшы вынік. Тут трэба сказаць, што я езжу на ровары, які, звычайна, не выкарыстоўваецца у такіх доўгіх падарожжах, у мяне звычайны дарожны ровар, больш цяжкі, чым трэба ў такіх сітуацыях. Іншыя ездзяць на шашыйных, больш лёгкіх роварах. Усе беларускія ўдзельнікі праехалі гэты шлях хутчэй за мяне. Яны больш доўгі час гэтым займаюцца, паказваюць большую сярэднюю хуткасць, чым я. Прафесіяналы сярод нас, аматараў, так бы мовіць.

НАКОЛЬКІ ЦЯЖКА БЕЛАРУСУ ЗАЯВІЦЦА І ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У “ПАРЫЖ-БРЭСТ-ПАРЫЖ”

Гэта нецяжка. Усё магчыма. Хоць, канешне, пэўныя намаганні і патрэбныя – не кожны год ты лётаеш на самалёце з роварам. Гэта асобная прыгода, вартая асобнага расповеду. Але ж мы насамрэч мы параўнальна недалёка знаходзімся ад Францыі, дзве-тры тысячы кіламетраў. Шмат людзей на “ПБП” ехалі на машыне, хтосьці ехаў на цягніку. Былі ж удзельнікі і з ЗША, і Канады, і Аўстраліі, і з Сярэдняй Азіі, і з Ціхаакіянскага рэгіёну – з усяго свету літаральна. Ім было нашмат цяжэй. Было б жаданне, насамрэч.

Што тычыцца працэсу патраплення на “ПБП”, то там усё зразумела. Ты мусіш за год выканаць серыю брэветаў – 200, 300, 400 і 600 кіламетраў і тады маеш права зарэгістравацца. Паколькі ўдзельнікаў шмат, існуе сістэма папярэдняй рэгістрацыі. У залежнасці, ад таго, наколькі ты шмат праехаў кіламетраў падчас брэветаў, ты можаш раней за іншых пачаць папярэднюю рэгістрацыю.

Міжнароднай федэрацыі, як такой, няма. Але ёсць французская велафедэрацыя, якая выконвае функцыі міжнароднай дэ-факта. Ёсць аматарскія рэспубліканскія структуры, якія займаюцца арганізацыяй брэветаў і фіксацыяй вынікаў і перадачай інфармацыі ў французскую федэрацыю, якая займаецца, так бы мовіць, юрыдычным афармленнем гэтых вынікаў.

ПРА ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫЯ АДНОСІНЫ ПАМІЖ УДЗЕЛЬНІКАМІ

На веламарафоне няма ніякіх канфліктаў паміж веламатарымі з краін, якія знаходзяцца ў цяжкіх стасунках паміж сабой. Ранданёр – гэта чалавек, які выпрабоўвае сябе звышнагрузкамі. Калі ты едзеш нават 200 кіламетраў, ці 300, ці 400, ты выпрабоўваеш сябе на мяжы магчымасцяў. Усе гэтыя падарожжы вельмі цяжкія, яны патрабуюць ад цябе вялікай самааддачы, вялікіх высілкаў, прычым не столькі фізічных, але і  маральных. І, канешне, усе ўдзельнікі, з якіх бы краін не былі – напрыклад з Расеі і Украіны – яны з павагай ставяцца адзін да аднога. Усе разумеюць, што гэта цяжкая штука, што кожны чалавек, які удзельнічае ў “Парыж-Брэст-Парыж”, пераадолеў вельмі шмат і варты таго, каб стартаваць у гэтым веламарафоне. Усе канфлікты адыходзяць на іншы план. На той момант – усе браты і сёстры, якія змагаюцца з адным – з дыстанцыяй.

З Расіі было больш за сотню ўдзельнікаў было, з Украіны больш за 80. Сустракаўся я і з тымі, і з тымі, усе пазітыўная, вясёлыя людзі. Палітычным спрэчкам на гэтым мерапрыемстве проста не было месца.

ПРА ДУМКІ НА СТАРЦЕ ПЕРАД І НА ФІНІШЫ ПАСЛЯ 1219 КІЛАМЕТРАЎ

Калі ты стартуеш і наперадзе вялікая дыстанцыя, ты ставішся да яе вельмі па-філасоўску. Прынамсі, так раблю я. Калі дыстанцыя невялікая, ты глядзіш на велакампутар і адлічваеш – 10, 15, 20 кіламетраў. А калі наперадзе вялікі шлях, то ты пачынаеш проста лічыць гарадамі. Ты перастаеш глядзець на кіламетраж.

На старце ты адчуваеш эйфарыю, радасць, што ўдзельнічаеш у такім глабальным мерапрыемстве, што ты вось тут. Едзеш у вялікай групе людзей такіх жа, як ты. Вельмі прыгожае надвор’е было. Першыя кіламетры “Парыж-Брэст-Парыж” праходзяць у вельмі маляўнічых краявідах. Гэта вельмі прыемна.

Потым настаюць часы выпрабавання, калі ты пераадольваеш сябе і дыстанцыю. Што тычыцца фініша, што, не буду хаваць, я ледзь стрымаў слёзы. Увесь час, што я ехаў, я ў апошні момант укладваўся ў адведзеныя прамежкі часу. У мяне быў не вельмі высокі тэмп і я заўсёды рызыкаваў не патрапіць у ліміт і не прайсці гэтую дыстанцыю афіцыйна.

На кожным з этапаў ты маеш пэўны ліміт часу і трэба паспець праехаць кавалак дыстанцыі за яго. Калі ты не паспяваеш – ты не атрымоўваеш пацверджання, што ты прайшоў дыстанцыю. Па выніках ты не атрымаеш афіцыйнага часу.

Адзін з удзельнікаў, напрыклад, завяршыў дыстанцыю ў 1219 кіламетраў толькі праз чатыры дні пасля заканчэння афіцыйнага часу. Але і не гэта галоўнае – чалавек проста вырашыў скончыць дыстанцыю, нягледзячы ні на што. І ўрэшце я менавіта на гэта таксама арыентаваўся. Я думаў, што нават калі не буду ўкладвацца ў час, то я проста праеду гэтую дыстанцыю. Проста каб сказаць, што я здолеў гэта зрабіць.

Дык вось, калі я на перадапошнім этапе зразумеў, што змагу зрабіць гэта – укласціся ў час, тады я канешне ледзь стрымаў слёзы, нягледзячы на свае сівыя валасы, бо пасля ўсіх гэтых выпрабаванняў, праз якія прыйшлося прайсці, гэта было вельмі эмацыйным уражаннем.

ПРА ГАЛОЎНЫЯ ЦЯЖКАСЦІ

Самым цяжкім было ехаць дастаткова хутка, каб упісвацца ў ліміт. Умовы, асабліва ўначы, былі вельмі цяжкімі. Надвор’е хоць і было сухім, але ў начны час было надзвычай халодна. Ніякая вопратка не дапамагала. Гэта было пакутліва. Асабліва калі ты з’язджаеш з горкі, хуткасць вельмі высокая, вецер вельмі моцны, тэмпература вельмі нізкая і ты весь прадзімаесся наскрозь проста. Грэцца даводзілася толькі на пад’ёмах нейкімі сваімі энэргічнымі высілкамі. Ну, і канешне, вялікай праблемай быў недасып.

Заснуць за рулём ровара вельмі лёгка. Ты проста губляеш прытомнасць. Проста страчваеш сувязь з рэальнасцю, выключаецца свядомасць. Гэта вельмі небяспечна. Канцэнтрацыя на ровары заўсёды павінна быць у фокусе ўвагі.

Я бачыў, як удзельнік з Японіі з-за страты канцэнтрацыі наехаў на невялікі бардзюр і перавярнуўся. Дзякуй богу, там нічога страшнага не здарылася, траўмы не было. Але карціна, калі раварыст ляціць у кювет са сваім роварам нагамі дагары непрыемна ўражвае.  

Былі пункты для прыпынку, там можна было крыху адпачнуць і пагрэцца. Атрымліваецца, веламарафон цягнуўся чатыры дні. За ўвесь час я паспаў каля трох гадзін – у першы дзен каля паўтары гадзіны, пасля адзін раз паўгадзіны паспаў, у наступныя разы – 15-20 хвілін.

ЦІ КАШТАВАЛА ГЭТА ТАКІХ ВЫСІЛКАЎ

Абсалютна. Ні аб чым не шкадую. Туды варта прыехаць нават калі ў цябе няма мэты ўкласціся ў час ці праехаць усю дыстанцыю. Проста акунуцца ў гэтую атмасферу – ужо вартая таго справа.

МАГІЛЁЎ – ГЭТА МЁРТВАЯ ВЕЛАІНФРАСТРУКТУРА

У Магілёве шмат раварыстаў і веласупольнасцяў. Але яны не могуць сфармавацца ў нейкую арганізаваную веластруктуру. Ёсць шмат спартоўцаў, якія здатныя на вялікія дасягненні. Ёсць выбітны трэнер, велааматар Ігар Баітаў, які праязджае за сезон 20-30 тысяч кіламетраў, які ездзіць і зімой, і летам. Ён – добры прыклад для чалавека любога ўзросту. Яму за пяцьдзесят, але і зараз ён недасягальны для маладых.

У тым жа Берасці некалькі зарэгістраваных велаарганізацыяў. А ў нас – ніводнай. Ёсць, канешне, “Тутэйшы ровар”, але гэта нефармальная ініцыятыва, а не арганізацыя. Штосьці робіць Цэнтр гарадскіх ініцыятыў, але насамрэч роварнай арганізацыі ў нас няма.

Нечага не хапае. Павінна быць пераадолена нейкая ступень, каб гэтая колькасць магілёўскіх велааматараў праявіла зацікаўленасць у тым, каб перайсці мяжу і неяк аформіцца ў магілёўскае велатаварыства, якое б займалася мясцовымі велапраблемамі. Гэта і рух па горадзе, і папулярызацыя роварнага руху, і арганізацыя мерапрыемстваў, партнёрства з іншымі арганізацыямі. Наперадзе тут яшчэ вельмі шмат працы.

Улады гэтым нібыта намагаюцца займацца, але ў іх свая нейкая матывацыя. Вось прыклад. Чаму забаранілі рух па вуліцы Ленінскай?

Улады зрабілі гэта таму, што ёсць вялікая рызыка, што ў нейкі момант нехта наедзе на чалавека і траўмуе яго. Логіка ў уладаў як заўсёды – забаранілі і вырашылі, што праблема ліквідаваная.

Зразумела, што нічога яны не зрабілі. Як ездзілі, так і ездзяць. А калі штосьці здарыцца, то яны проста скажуць: “Ага, а вось мы жа забаранілі і ўсё зрабілі, што павінны былі”. Мы ў сваім асяродку жартуем, што для бяспекі проста трэба было забараніць усялякі рух у горадзе сам па сабе.

Хаця насамрэч трэба было ствараць нейкія ўмовы для развіцця і думаць, як развесці тых жа раварыстаў, аўтамабілістаў і пешаходаў.

Праблема яшчэ і ў тым, што ў нас дагэтуль папулярна меркаванне, што ровар – гэта не сродак перасоўвання, а нейкая цацка для дзіцяці ці падлетка. Гэта вельмі моцна адрозніваецца ад еўрапейскага стаўлення. У тым жа Парыжы ровар – гэта транспарт. І не толькі ровар – самакаты, гіраскутэры, электраровары.

З ЧАГО ТРЭБА ПАЧАЦЬ ЧАЛАВЕКУ, ЯКІ ХОЧА ПРАЕХАЦЬ НА РОВАРЫ 1200 КІЛАМЕТРАЎ

Яму трэба 7 верасня прыехаць да палацу гімнастыкі ў Магілёве і паспрабаваць праехаць брэвет у 200 кіламетраў. Гэта адзіны ў гэтым годзе магілёўскі брэвет. Калі чалавек ведае, што ён здатны праехаць сотню кіламетраў, то няхай рэгіструецца, заплоціць свой невялікі ўнёсак і далучыцца да некалькіх дзясяткаў магілёўцаў, якія паедуць вельмі цікавым і прыгожым маршрутам.

Калі ж вы карыстаецеся роварам не часта, то варта проста пачаць ездзіць і з кожным разам павялічваць дыстанцыю. Ад дзясятка кіламетраў да некалькіх дзясяткаў кіламетраў, а потым і сотняў кіламетраў. Магу сказаць, што катацца на ровары варта.