Клічаўскі музыка вызначыўся на фестывалі расейскага прапагандыста ў Крыме

Выканаўца з Клічава стаў уладальнікам гран-пры музычнага фестывалю, які ладзіць аўтар прапагандысцкага фільму “Крым. Шлях на радзіму”.

17 студзеня. Магілёў. Саша Мінько


IV Міжнародны злёт ветэранаў баявых дзеянняў і фестываль ваенна-патрыятычнай песні “Час выбраў нас!” прайшоў у ліпені мінулага года на тэрыторыі пасёлка Марское Рэспублікі Крым. Уладальнікам гран-пры музычнага фестывалю ў намінацыі «Сольны спеў» стаў аўтар і выканаўца з Клічава Уладзімір Рыбакоў. Пра гэта горда паведаміла дзяржаўная раённая газета «Сцяг Саветаў».

Уладзімір Рыбакоў з’яўляецца ўдзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане, мае медаль «За баявыя заслугі». Пасля службы ў войску ён скончыў інстытут культуры і вярнуўся працаваць у родны Клічаў. У мясцовым доме культуры ён заснаваў гурт «Панджшэр», рэпертуар якой складаецца з песняў, прысвечаных афганскай тэматыцы і воінам-інтэрнацыяналістам.

У студзені мінулага года стала вядома, што група «Панджшэр» прайшла адборачны тур штогадовага музычнага фестывалю «Дарога на Ялту», які павінен быў прайсці з 30 красавіка па 2 траўня гэтага года ў Крыме. Пра гэта паведаміў сам Уладзімір Рыбакоў на сваёй старонцы ў сацсетцы і папрасіў спонсарскай дапамогі для арганізацыі паездкі ў Ялту.

Фота: vk / Уладзімір Рыбакоў

Гэтая навіна выклікала палеміку. Законным чынам грамадзяне Беларусі могуць заехаць у Крым толькі праз тэрыторыю Украіны. Заезд на паўвостраў праз расейскую тэрыторыю украінскім заканадаўствам прызнаецца парушэннем, з-за чаго могуць узнікнуць праблемы: можна атрымаць адмову ва ўездзе, а таксама адміністрацыйны штраф.

Да таго ж штогадовы музычны фэст «Дарога на Ялту» на самай справе праводзіцца ўсяго другі раз. Аўтарам гэтага праекту стаў адыёзны журналіст Андрэй Кандрашоў – аўтар дакументальнага фільма «Крым. Шлях на Радзіму». У Палажэнні аб правядзенні фестывалю (п. 2.1) пазначана, што яго мэтай з’яўляюцца «пазіцыянаванне Рэспублікі Крым як неад’емнай часткі Расеі», «уцягванне замежнага гледача ў айчынныя музычныя традыцыі», «захаванне гістарычнай памяці на аснове песеннага мастацтва пра вайну і подзвігі савецкага народа».

Аднак пакуль свядомыя грамадзяне спрачаюцца, ці варта ездзіць музыкам на падобныя конкурсы, дзяржаўная газета “Сцяг Саветаў” яшчэ мінулым летам у матэрыяле пад назвай “Сэрцам датычныя” з гонарам паведамляла, што клічаўляне ўжо ездзілі ў Крым на расійскі злёт ветэранаў баявых дзеянняў. Праўда, журналістка выдання Ніна Ізох цалкам апусціла момант прыналежнасці тэрыторыі Крымскага паўвострава, хоць Генеральная Асамблея ААН 27 сакавіка 2014 года прыняла Рэзалюцыю A / RES / 68/262 аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Згодна з гэтым дакументам, пацвярджаецца суверэнітэт Украіны ў яе міжнародна-прызнаных межах і ня прызнаецца законнасці якой-небудзь змены статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым у складзе Украіны.

Крым прызналі расійскім толькі Нікарагуа, Венесуэла, Афганістан, Куба, Паўночная Карэя, Судан і Сірыя. Міжнародная супольнасць лічыць паўвостраў тэрыторыяй Украіны. Такі ж застаецца і афіцыйная пазіцыя Рэспублікі Беларусь.