Уяўныя паўнамоцтвы, ўяўныя парушэнні, адзін ЦВК сапраўдны.

4 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёвец Аляксей Паўлоўскі з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева.

Паводле яго слоў, калі ён збіраў подпісы на карысць апошняга, яму паступілі шматлікія паведамленні аб парушэнні выбарчага заканадаўства на карысць дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

– Калі я збіраў подпісы ў магілёўскім раёне «Тэхнапрыбор» па вуліцы Грышына 25 траўня, мне паведамілі, што супрацоўнікі аховы прадпрыемства «Ольса» [завод па вытворчасці садовай і дачнай мэблі] са спісам, у якім былі пашпартныя дадзеныя работнікаў прадпрыемства, абавязвалі работнікаў «Ольсы»ставіць свае подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча па даручэнні дырэктара прадпрыемства, – распавёў Паўлоўскі.

З гэтай нагоды ён паскардзіўся 26 траўня ў Цэнтральную выбарчую камісію, дзе выклаў усю інфармацыю і запатрабаваў правесці праверку.

Ужо 29 траўня яму адказала кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна заявіла, што Паўлоўскі не прывёў канкрэтных звестак аб парушэннях пры зборы подпісаў. Сама ЦВК праверку праводзіць не стала. Пры гэтым Ярмошына заявіла члену ініцыятыўнай групы Дзмітрыева, што той занадта шмат на сябе ўзяў:

«Вы прысвоілі сабе ўяўныя паўнамоцтвы дзейнічаць ад нявызначанага круга асоб», – паведаміла Паўлоўскаму Ярмошына.