Новы дэпутат пачаў з гучных заяў.

13 верасня. Менск. Белтэлерадыёкампанія. Алесь Святліцкі


Праз два дні пасля абрання дэпутат па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №84 Ігар Марзалюк заявіў у інтэрв’ю «Агенцтву Тэлевізійных Навін», што з няяўкай на выбары трэба змагацца адміністрацыйным пакараннем. Пасля гэтага ён выправіўся, сказаўшы, што дастаткова будзе грашовай кампенсацыі.

«Вось ёсць досьвед  Заходняй Еўропы. І паводле гэтага досьведу, у шэрагу краін ёсць, скажам так, адміністрацыйнае пакаранне … Ну як, не пакаранне, а грашовая кампенсацыя за тое, што ты непрыйшоў на выбары. Я думаю, усё ж такі адказнасць за няяўку на выбары з улікам прагрэсіўнага еўрапейскага досьведа трэба было б увесці на самой справе. Я думаю, што такім чынам, грошы, якія мы трацім на выбары, мы б значную частку зэканомілі ».

Ігар Марзалюк, аднак, не сказаў пра тое, што міжнародныя назіральнікі заўсёды прызнаюць выбары ў краінах Заходняй Еўропы.

Адзначым, што ў Магілёўскай вобласці зафіксавана самая высокая яўка па Беларусі – больш за 80%. Па дадзеных незалежных назіральнікаў, яна была прыкметна менш. Акрамя гэтага, былі зафіксаваны выпадкі прымусу для галасавання ў вышэйшых і сярэдне-спецыяльных навучальных установах.

Ігар Марзалюк – адзіны дэпутат у Магілёўскай вобласці, які набраў менш за 50% галасоў падтрымкі выбаршчыкаў.