Лёс чалавека: як магілёўскі міліцыянт стаў бамжом, якім карыстаюцца былыя калегі

Гісторыя, расказаная сталічным апазіцыйным актывістам Валянцінам Трокскім, які адседзеў двое сутак да суда ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

25 красавіка. МагілёўМінск. Саша Мінько

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Актывіст аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Валянцін Трокскі быў затрыманы 21 красавіка за ўдзел у пікеце ў абарону Курапатаў на плошчы Свабоды ў Мінску. Акцыю правялі паплечнікі апазіцыйнага лідэра Мікалая Статкевіча.

Фота з сацсетак паплечніка актывіста Сяргея Спарыша

Двое сутак Валянцін Трокскі правёў у двухмеснай камеры ў кампаніі чалавека без пэўнага месца жыхарства, празванага “Мішай-гуппі“. Гэта параўнанне з акварыўмнымі рыбкамі гуппі, у якіх, калі верыць навукоўцам, памяць доўжыцца ўсяго каля секунды, але затое яны адрозніваюцца неймавернай пражэрлівасцю.

Па словах актывіста, яго сукамэрнік не памятаў ні года, ні месяца, ні дня тыдня. Ён не ведаў як і за што быў затрыманы і змешчаны ў турэмную ўстанову, ці быў суд над ім і які прысуд. Таксама ён не памятаў, еў ён сёння ці не, і з гэтым пытаннем звяртаўся бесперапынна да актывіста незалежна ад дадзенага адказу.

Таксама гэтае пытанне ён увесь час выкрыкваў ахоўнікам у бок “кармушкі”.

Апазіцыйны актывіст адразу зразумеў, што няшчаснага спецыяльна падсялілі да яго – такім чынам начальства аказвае ціск на незадаволеных, ствараючы невыносныя ўмовы ўтрымання.

Гэты чалавек моцна смярдзеў, успамінае Валянцін Трокскі, быў апрануты ў рваннё і без абутку, з гнілымі язвамі на нагах.

Ён перыядычна гучна захлёбваючыся кашляў і рэгулярна губляў прытомнасць.

Было відавочна, адзначае актывіст, што чалавек, акрамя шэрагу хвароб, хутчэй за ўсё, мае праблемы з псіхікай. Валянцін Трокскі запатрабаваў лекара. Аднак размова з доктарам апынулася кароткай. Валянцін Трокскі апісвае яе так:

Лекар: – Што здарылася?

“Міша-гуппі”: – Я прытомнасць страціў.

Лекар: – Знайшоў?

“Міша-гуппі”: – Так.

Лекар: – Ну і добра.

Ніякіх аглядаў, сведчыць Валянцін Трокскі, праведзена не было. Уся гэтая няхітрая і цынічная размову адбывалася праз “кармушку” у дзвярах камеры. Лекарам, дарэчы, аказалася жанчына. Потым палітычнага арыштанта павезлі на суд, дзе ён атрымаў штраф у 50 базавых велічынь. Паплечнікам удалося зняць момант канваіравання актывіста на суд.

Фота з сацсетак паплечніка актывіста Сяргея Спарыша

Што ж тычыцца яго сукамерніка, то “Мішай-гуппі” аказаўся вакзальны бомж. Некаторым арыштантам раней ён называўся, як “бомж з Бакінскай” – вуліцы ў Ленінскім раёне сталіцы.

На просьбу Магілёўскага часопіса пра правы чалавека mspring.online Валянцін Трокскі высвятліў некаторыя падрабязнасці яго жыцця. Справа ў тым, што самі супрацоўнікі МУС неяк прамовілі фразу, што Міхаіл раней служыў у міліцыі ў Магілёве ў званні капітана.

Высветлілася, што мужчыне 61 год, яго завуць Міхаіл Котаў. У яго ёсць дачка, якой, калі верыць неназваным крыніцам, бацька пакінуў кватэру, а сам пераехаў у сталіцу, каб далей рабіць кар’еру ў сістэме МУС. Лепшыя яго часы прыйшліся на канец 80-х і 90-я гады. Але потым нешта пайшло не так і чалавек апусціўся.

Зараз мужчыну без пэўнага месца жыхарства перыядычна адлаўліваюць яго ж былыя калегі і падсяляюць да арыштантаў «для вынасу мозга». У абмежаванай прасторы арыштанцкай камеры, тлумачыць Валянцін Трокскі, знаходзіцца з такім чалавекам – проста катаванне. Аднак больш за ўсё апазіцыйнага актывіста абурыла бесчалавечнае стаўленне ўладаў да такіх хворых людзей. Замест медыцынскай дапамогі яны атрымліваюць зневажальныя ўмовы ўтрымання. І ў бліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца.