Прадстаўляем найбольш поўны маніторынг hate-speech ў мясцовых выданнях. Наш ультыматыўны гід па тым, як пісаць ня трэба.

Упершыню мы прадстаўляем настолькі падрабязную і поўную карціну выкарыстання мовы варожасці ў грамадска-палітычных выданнях Магілёўскага рэгіёну ў 2017 годзе.

Намі было ўстаноўлены асноўныя групы людзей, якія падвяргаюцца ўздзеянню адмоўных моўных прыёмаў з боку СМІ. Акрамя таго, мы пастараліся аб’ектыўна ацаніць, наколькі рацыянальна выкарыстоўваецца мова варожасці для стварэння негатыўнага вобразу людзей і сацыяльных груп, а таксама звярнуць увагу прадстаўнікоў СМІ на найбольш часта сустракаемыя прыклады выкарыстання мовы варожасці для наступнага недапушчэння падобных сітуацый.

Такім чынам, было ўстаноўлена, што мова варожасці ў выданнях Магілёўскай вобласці ў 2017 годзе насіла немасавы і, за рэдкім выключэннем, нежорсткі характар. Галоўнай праявай hate-speech у прэсе з’яўляецца прайграванне ўстойлівых гендэрных, сацыяльных і этнічных стэрэатыпаў і навешванне цэтлікаў, што з’яўляецца, на наш погляд, вынікам адсутнасці базавых тэарэтычных ведаў і практыкі ў дачыненні да распазнання мовы варожасці.

Пры гэтым нельга недаацэньваць ролю матэрыялаў, якія змяшчаюць мова варожасці, асабліва на раённым узроўні.

Найбольш жорсткі hate-speech сустракаецца ў адносiнах да нацыянальнасцi рома, якая з падачы праваахоўных органаў расцэньваецца як блізкая да крыміналу група патэнцыйных парушальнікаў. Сістэмнасць дадзенага падыходу становіцца відавочнай пры вывучэнні многіх выданняў. Выкарыстоўваюцца падобныя рытарычныя канструкцыі і прыёмы, што сведчыць аб шырыні праблемы, якая, у тэорыі, можа прывесці да нарастання напружанасці ў адносінах паміж рознымі групамі грамадзян па нацыянальнай прыкмеце.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што мова варожасці практычна не сустракалася ў 2017 годзе ў абласных выданнях. «Магілёўскія ведамасці», «Магілёўская праўда» і «Днепровская неделя» ў пабудове сваіх матэрыялаў выкарыстоўвалі нейтральную лексіку.

Выключэннем з’яўляюцца матэрыялы-перадрукі з газеты «СБ. Беларусь Сегодня» «Не будзіце ліха …» і « Анархія – маці небяспечнай смуты», якія былі апублікаваныя ў друкаваным і электронным выглядзе на сайце холдынгу ІА «Магілёўскія ведамасці», куды ўваходзяць усе тры найменні пералічаных выданняў. Матэрыялы былі прысвечаны сацыяльным пратэстам супраць Дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства і выстаўлялі ў непрывабным выглядзе удзельнікаў масавых мерапрыемстваў.

Сітуацыю з «Не будзіце ліха …» і «Анархія – маці небяспечнай смуты» можна расцэньваць як унікальную спробу татальнай мабілізацыі прэсы для ўздзеяння на патэнцыйна пратэстныя групы грамадзян.

Гэта можа быць небяспечным прэцэдэнтам масавага аднаразовага выкарыстання мовы варожасці ў адносінах да палітычных апанентаў дзеючай улады.

Таксама вылучаецца выданне «Вячэрні Магілёў», якое на працягу года было асноўнай крыніцай мовы варожасці ў рэгіёне сярод газет. У параўнанні з дадзенымі, якія мы атрымалі ў ходзе агляду мовы варожасці ў СМІ вобласці ў 2016 годзе, рэдакцыя «Вячэрняга Магілёва» не толькі не адыйшла ад практыкі выкарыстання негатыўных прапагандысцкіх канструкцый у адносінах да розных груп, арганізацый і нават краін і груп краін, але і павялічыла колькасць інфармацыі, у якой прысутнічаюць элементы hate-speech.

Разам з тым, рэакцыя грамадскасці прымусіла газету рэагаваць на крытыку з-за мовы варожасці, што праявілася ў выдаленні матэрыялаў, якія змяшчаюць hate – speech, з сайта выдання.

У цэлым, калі праводзіць адноснае параўнанне апошняга і першага кварталаў 2017 года, то можна ўбачыць нязначнае змяншэнне частотнасці выкарыстання негатыўных рытарычных канструкцый. У першую чаргу гэта тычыцца мовы варожасці ў дачыненні да людзей з інваліднасцю. Дадзены тэрмін выкарыстоўваецца ўсё часцей, замяшчаючы некарэктнае слова «інвалід», што зафіксавала наша даследчая група. У той жа час, захоўваецца праблема афіцыйных назваў устаноў, дыягназаў і іншых аб’ектаў, якія на дакументальным узроўні зафіксаваныя ў выкарыстанні з тэрмінам «інвалід» (напрыклад, інвалід I групы).

У якасці рэкамендацый можна параіць журналістам рэгіянальных СМІ больш уважліва сачыць за выкарыстаннем лексічных формаў, асабліва калі тэма звязана з асвятленнем праблематыкі уразлівых груп.