На працягу года пасля святкавання стогадовага юбілею беларускай міліцыі, ахоўнікі правапарадку з Магілёўскай вобласці паўдзельнічалі ў некалькіх факапах.

4 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота на галоўнай uvd.mogilev.by, Алена Ігнатава.


4 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень міліцыі. Сілавікі атрымліваюць у сваё ўладанне канцэртныя залы, афіцыйныя сайты публікуюць віншавальныя лісты, а начальнікі рапартуюць пра выкананне планаў. Шмат хто з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў сапраўды робіць сваю працу добра. Аднак ёсць і тыя, хто сваімі дзеяннямі ператварае прафесію міліцыянта ў страхлелае рэшата.

Зрэшты, у афіцыйных міліцэйскіх асоб пра скандалы казаць не прынята. Калі нейкі міліцыянт трапляецца на магчымым злачынстве, выразных каментароў ад той жа прэс-службы УУС Магілёўскага аблвыканкама, хутчэй за ўсё, вы проста не дачакаецеся.

У Дзень міліцыі ўспамінаем, у якіх скандалах паўдзельнічалі сілавікі пачынаючы з мінулага «дня нараджэння».

МІЛІЦЭЙСКІ МАРЫНАД

У 2018 году стогадовы юбілей, акрамя беларускай міліцыі, святкавалі яшчэ і беларускія патрыёты. 25 сакавіка ў Мінску адбылося вялікае свята ў гонар Дня Волі – ад дня абвяшчэння Беларускай нацыянальнай рэспублікі прайшло роўна стагоддзе.

На падзею масава паехалі і магілёўцы, толькі вось мясцовыя сілавікі адпускалі іх на ўрачыстасці неахвотна.

Раніцай 25 сакавіка на выездзе з горада патруль ДАІ спыніў мікрааўтобус з актывістамі «Матчынага руху-328». 11 чалавек накіроўваліся ў сталіцу, каб прыняць удзел у свяце з нагоды стагоддзя БНР. Намінальная прычына міліцэйскага ўмяшальніцтва – падазрэнне ў перавозцы наркатычных і псіхатропных рэчываў. Мікрааўтобус абшукалі. Людзей затрымалі і суправадзілі ў Магілёўскі РАУС, дзе пратрымалі шэсць гадзін, хаця паводле закону ў такіх выпадках даецца не больш за тры гадзіны.

У выніку, вядома, нічога не знайшлі. Жанчын і мужчын проста прамарынавалі ў райаддзеле да таго часу, пакуль не пераканаліся, што на мінскае свята людзі ўжо проста не паспеюць.

ЗАДНЕПРАХОДЦЫ

Восенню 2018 года рэзананс атрымала гісторыя, якая здарылася аж тры гады таму. Магілёвец Аляксандр Кускоў у інтэрв’ю для mspring.online распавёў, як яго пагражалі згвалтаваць швабрай ў адным з пастарункаў Магілёва.

У жніўні 2015 года ў яго здарылася невялікая бойка з участковым інспектарам з-за таго, што той праявіў грубасць у адносінах да дзяўчыны Аляксандра (пазней за гэты інцыдэнт Кускову далі два гады калоніі). У апорку прыехаў АМАП. Яго, як сцвярджае Аляксандр, збілі.

– Затым ўзялі швабру, рэзка сарвалі з мяне шорты і сталі пагражаць, што засунуць яе ў анал. Я сказаў, што калі яны так зробяць, то любая экспертыза потым гэта пакажа. Толькі пасля гэтага яны адмовіліся. Пачалі біць яшчэ і швабрай. Удзельнічалі і амапаўцы, і ўчастковы, – успамінаў мужчына.

Гэта ўжо была другая гісторыя за апошнія два гады, калі прадстаўнікі магілёўскай міліцыі адчувалі невытлумачальную цягу да саддаміравання іншага чалавека.

Раней праваабаронцы з «Прававой ініцыятывы» апублікавалі гісторыю магілёўца Стаса, якога, па яго сцвярджэнні, згвалтавалі міліцэйскай дубінкай у пастарунку, а пасля яшчэ і распачалі ў дачыненні да яго крымінальную справу за тое, што той зламаў стол (пасля справу спынілі, не давёўшы да суда).

ОПЕР-НАРКАКУР’ЕР

Барацьба сілавікоў супраць наркотыкаў стала ўжо легендарнай, а артыкул 328 Крымінальнага кодэкса за збыт, захоўванне або набыццё «сродкаў пашырэння свядомасці» ператварыўся ў сумны беларускі мем. Тым весялей выйшла сітуацыя з оперупаўнаважаным Шклоўскага РАУС Максімам Івановым.

У сярэдзіне лютага телеграм-канал NEXTA паведаміў, што віцебскія міліцыянты ўзялі свайго калегу з 29,9 грамамі псіхатропнага рэчыва альфа-PVP. У адносінах да яго была ўзбуджаная крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту.

Інфармацыю аб затрыманні пацвердзіла віцебская міліцыя. УУС Магілёўскага аблвыканкама на пытанні журналістаў адмаўчаўся.

Затрыманым, мяркуючы па ўсім, стаў оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Шклоўскага РАУС Максім Іваноў. У 2017 году юны сілавік атрымаў званне «старэйшага лейтэнанта». Пагоны яму ўручыў асабіста начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага  аблвыканкама   Павел Смірноў.

Ад крывой дарожкі хлопца гэта не ўратавала. Мабыць, высокага і стабільнага міліцэйскага заробку маладому оперу не хапіла.

МСЦІСЛАЎСКІ КАЎБОЙ

У другой палове лютага іміджу мясцовай міліцыі прыляцеў яшчэ адзін удар. Праўда, ужо з іншага райцэнтра. Высветлілася, што ў лістападзе 2018 года ў будынку Мсціслаўскага РАУС участковы інспектар міліцыі, малодшы лейтэнант Мікалай Раеў збіў двух затрыманых – беспрацоўнага Швядкова А.М. і індывідуальнага прадпрымальніка Купчына Н.А.

Нягледзячы на тое, што інцыдэнт здарыўся яшчэ ў лістападзе, кантракт з міліцыянтам скасавалі толькі 6 лютага гэтага года. У сувязі са здарэннем Мсціслаўскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў па ч. 3 арт. 426. Калі віна былога ўчастковага будзе даказаная, то яму пагражае ад 3 да 10 гадоў турмы.