27 красавіка валанцёры «Магілёўскай вясны» арганізавалі ролевую гульню жывога дзеяння ў адным з самых маляўнічых гарадоў Беларусі.

29 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота аўтара


У суботу ў тайм-клубе «1387» у Бабруйску каля дзясятка чалавек прынялі ўдзел у ролевай гульні жывога дзеяння на тэму этнічных стэрэатыпаў. У аснову гульні лёг сцэнар лінгвіста і палітолага Віёлы Ермаковай «Пошукі вінаватага».

На працягу некалькіх гадзін удзельнікі спрабавалі даказаць сваю невінаватасць у здзейсненым злачынстве і адбіваліся ад нацыянальных стэрэатыпаў, на аснове якіх іх спрабавалі абвінаваціць іншыя.

Пасля хлопцы и дзяўчаты прызналіся, што ўвайсці ў ролю і пачаць вінаваціць чалавека толькі таму, што ён цыган, габрэй ці расеец вельмі лёгка, хоць ніхто з пералічаных персанажаў у злачынстве замяшаны не быў.

– Яно, нібыта, пачынаецца з жартаў, але потым набірае ход і ў выніку ў канцы ўсе раз’яднаныя і досыць варожа ставяцца адзін да аднаго. Аднак на рэфлексіі стала неяк сорамна, што ўсе паддаліся не логіцы, а эмоцыям і перадузятасці. Гэта добрае мерапрыемства – пасля яго бачыш не нацыянальнасці, а канкрэтных людзей, лепш іх ўспрымаеш, – распавёў адзін з удзельнікаў.

Як адзначылі валанцёры «Вясны», LARP – «гэта добры спосаб навучыць людзей дамаўляцца паміж сабой, нават калі ў іх процілеглыя інтарэсы і каштоўнасці».