«Тэрмінатар» і «жывадзёр» з кісцянём, за якім перад выбарамі сачылі спецслужбы. Гісторыя-трылер пра магілёўскага хлопца

Па дадзеных следства, Аляксей Мельнікаў aka Леха Тэрмінатар збіраўся зладзіць тарарам ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Але разабрацца ў гісторыі да канца немагчыма.

На мінулым тыдні ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва 26-гадовы Аляксей Мельнікаў атрымаў сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф ў 1450 рублёў. Генеральная пракуратура сцвярджала, што «раней судзімы М., натхніўшыся размешчанымі ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на Telegram- і Youtube-каналах, заклікамі да масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся б гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады на тэрыторыі Беларусі, прыняў рашэнне далучыцца да такой супрацьпраўнай дзейнасці ».

7 гадоў – гэта пакуль самы вялікі тэрмін у судах Магілёўскай вобласці, які атрымлівалі «палітычныя» пасля жнівеньскіх падзей.

Аляксей Мельнікаў

На палітычную матывацыю прысуду паказваў адзін з артыкулаў, па якім абвінавацілі хлопца – ч.2 арт.293 («Масавыя беспарадкі»). Па ёй праходзяць абвінавачанымі ці асуджанымі дзясяткі людзей па ўсёй Беларусі, затрыманых пасля масавых акцый пратэсту і прызнаных палітвязнямі.

Аднак іншыя артыкулы, якія ставіліся ў віну Мельнікаву, сведчылі, што ў гэтай крымінальнай справе ўсё няпроста. Суддзя Вольга Зарычнюк прызнала яго вінаватым у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках з гвалтам над асобай, пагромамі і узброеным супрацівам уладам, а таксама ў незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй і прыладамі, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў. Усё гэта тычыцца дня прэзідэнцкіх выбараў, 9 жнiўня 2020 года.

І гэта амаль усё, што мы ведаем пра крымінальную справу, паколькі судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

НЕ ГРУКАЦЦА, ЗАЧЫНЕНА

У асноўным уся інфармацыя, якую можна здабыць па справе Аляксея Мельнікава, змяшчаецца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры ад 2 снежня 2020 года. У ім падсудны фігуруе пад імем М.

Па заяве Генпракуратуры, Мельнікаў вырабіў не менш за пяць самаробных запальных прылад, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, прышукаў складны нож, канструктыўна падобны з ​​халоднай зброяй, а таксама “іншыя сродкі і прылады злачынства”.

Затрымалі Мельнікава ў дзень выбараў – 9 жніўня. Наглядны ворган адзначыў, што Мельнікаў спрабаваў перавезці з Магілёва ў Мінск “петарды, тры самаробныя запальных прылады, якія змяшчаюць дыматворныя піратэхнічныя склады, і нож“.

Дома ў Мельнікава выявілі двуствольную зброю, прыдатную для стральбы. Крымінальнай справай займалася Галоўнае ўпраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь – гэта значыць пакінуць справу на мясцовых следчых сілавікі не адважыліся.

Калі ў справе Мельнікава ўсё так, як сцвярджае следства, то перад намі апынуўся ідэальны кейс для дзяржаўнай прапаганды. Азаронак і Мукавозчык пры належным нагнятанні атрымалі б ідэальную карцінку з фактамі пра буянства «змагара», які меў намер нанесці ўрон людзям і інфраструктуры. Аднак працэс зрабілі максімальна закрытым, пусціўшы журналістаў толькі на абвяшчэнне.

Зрэшты, закрытасьць працэсу можа тлумачыцца тым, што спецслужбы, якія вялі аператыўную распрацоўку хлопца, не захацелі раскрываць метады сваёй аперацыі – такое сустракалася і раней.

«ПАЛЯВАННЕ НА ВЕДЗЬМАЎ» БЕЗ АДВАКАТАЎ І СВАЯКОЎ

Адваката ў Мельнікава не было. Паводле яго слоў, ён сам адмовіўся ад абаронцы, паколькі ў яго не было на яго грошай і ён не бачыў у ім сэнсу.

Сяброў і сваякоў Мельнікава таксама не ўдалося адшукаць. Звычайна ў такіх выпадках пад дзвярыма заўсёды знаходзяцца блізкія падсуднага, аднак не ў гэты раз – склалася ўражанне, што хлопец з’яўляецца вельмі адзінокім сіратой без якіх-небудзь сувязяў. Ці ж ад яго ўсё масава адвярнуліся – застаецца толькі гадаць.

Праўда, сам Мельнікаў не выглядаў прыгнечаным чалавекам. За тыя пару хвілін, што ён паспеў пагутарыць з журналістамі, ён не выказаў нейкіх смутку ці роспачы, сказаўшы толькі, што прысуд – занадта жорсткі і што сілавікі займаліся «паляваннем на ведзьмаў». Чалавек, які атрымаў сем гадоў калоніі, паводзіў сябе спакайней, чым некаторыя людзі, якіх адпраўляюць на год «хіміі».

СЯРЭДНЯВЕЧНАЯ ЗБРОЯ Ў XXI СТАГОДДЗІ

Што менавіта хацеў зрабіць у дзень выбараў 9 жніўня Аляксей Мельнікаў – загадка. Але калі верыць таму спісу рэчыўных доказаў, які суддзя Вольга Зарычнюк зачытала падчас прысуду, то нічога добрага яго дзейнасць не абяцала.

Напрыклад, дома ў яго знайшлі незарэгістраваную ручную двуствольную гладкаствольную зброю – яе захоўванне Мельнікаў прызнаў.

Далей – цікавей. Сілавікі канфіскавалі ў Аляксея кастэт (яшчэ вытлумачальна) і кісцень (ужо менш вытлумачальна). Калі вы не ведаеце, што такое кісцень, то гэта – зброя, якая сустракаецца на нашых землях прыкладна з XIV стагоддзя. Выглядае яна вось так:

Выява мае ілюстратыўны характар, warbook.club

Каб правакаваць беспарадкі з кісцянём, трэба, вядома, мець багатую фантазію. З астатнімі рэчамі усё яшчэ больш незразумела:

«4 прадмета, падобных са складовымі часткамі агнястрэльнай зброі, 7 упаковак з сыпкім рэчывам, 8 ёмістасцяў з сыпкім рэчывам, 4 кавалка рэчыва белага колеру, 7 ёмістасцяў з вадкасцямі». Калі пра ёмістасці з вадкасцямі яшчэ можна выказаць здагадку, што гэта нейкі аналаг «кактэйлю Молатава», то што за сыпкія рэчывы і кавалкі белага колеру? Туды ж адносіцца «прадмет цыліндрычнай формы – піратэхнічны выраб саматужнай вытворчасці».

Дарэчы, піратэхнікай Мельнікаў заклапаціўся асабліва. У яго знайшлі ўпакоўку петард MAXSEM Crazy robots P1008. Грунтуючыся па водгуках на форумах і характарыстыках у інтэрнэт-крамах, гэта вельмі моцныя петарды, аналагічныя “Карсар-8”. Іх асаблівасць у тым, што пры спрацоўванні яны даюць гук, як падчас выбуху (а не звычайны хлапок) – вельмі сумніўная забаўка, мякка кажучы.

Але ў Аляксея Мельнікава, па некаторых дадзеных, былі хоббі і горш. Дакладней, у яго альтэр-эга – Лёхі Тэрмінатара.

МАГЧЫМЫ ЗАБОЙЦА ЖЫВЁЛАЎ

На працягу некалькіх працэсаў, калі Аляксея Мельнікава заводзілі ў залу суда, журналісты спрабавалі выразна яго сфатаграфаваць, каб потым знайсці хоць нейкую інфармацыю пра маладога чалавека. Усе ўскладнялася тым, што падсудны заўсёды быў у медыцынскай масцы і шапцы.

Але ў карэспандэнта БелаПАН атрымалася. Ён звярнуў увагу на падабенства ў камплекцыі і адкрытых рысах твару Мельнікава і “Лёхі Тэрмінатара”.

Вось тут стала значна цікавей.

Дадзеныя пра Лёху Тэрмінатара размешчаны на форуме “Картатэка жывадзёраў і іх прапагандыстаў“. Там яму прысвечаны пост, у якім сцвярджаецца, што Аляксей Мельнікаў, ён жа Лёха Тэрмінатар, нарадзіўся 20.10.1994 у Магілёве. Таксама ёсць скрыншоты з сацсетак, на якіх ён у 2015 годзе называе сябе догхантером і знішчыцелем некалькі дзясяткаў сабак. Па ўдакладненні форумчан, рабіў ён гэта з дапамогай адстрэлу і атручвання ацэтатам свінцу.

Таксама прыведзены скрын з паведамленнямі са старонкі Лёхі Тэрмінатара Вконтакте, у якіх ён распавядае, якія рэчывы падыходзяць для атручвання сабак. На дадзены момант старонка выдаленая.

Інфармацыя пра тое, што Леха Тэрмінатар забівае сабак, змяшчаецца таксама ў групе магілёўскіх абаронцаў жывёл “Добрае сэрца» за 7 студзеня 2014 года. Аляксей там актыўна ўдзельнічаў у каментарах, спрабуючы адбіцца ад абвінавачванняў у жывадзёрстве.

На судзе Мельнікаў пацвердзіў, што ён той самы Леха Тэрмінатар. Ці забіваў ён сабак – дакладна невядома, аднак яго каментары, дзе ён сцвярджае пра гэта, як мінімум выклікаюць пытанні.

З цікавых дэталяў, пра якія можна сцвярджаць дакладна – раней Аляксей Мельнікаў ужо быў судзімы, аднак няма інфармацыі па якім артыкуле КК РБ. Верагодна, гэтым ён і прыцягнуў увагу сілавых структур, якія, відавочна, сачылі за ім напярэдадні выбараў.

АВМ

АВМ расшыфроўваецца як “аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы”. Мельнікава дакладна “вялі” – у матэрыялах справы ёсць відэазапіс ад 9 жніўня з камер назірання гандлёвага аб’екта па вул. Гагарына, 79. Гэта гіпермаркет “Е-сіці”.

Акрамя таго, спецслужбы сачылі за Мельнікавым праз сеткі электрасувязі (тэлефон, інтэрнэт).

Вынікі АВМ захаваны на дысках і былі далучаны да матэрыялаў справы. Яны ў далейшым будуць захоўвацца ў крымінальнай справе.

Улічваючы, што суд быў зачынены, ёсць верагоднасць, што на Мельнікава былі патрачаныя сілы і спосабы, якія складаюць таямніцу метадаў вышуковай працы. Шкада, што сам ён не распавёў журналістам падрабязнасцяў свайго затрымання.

Сваю віну па ўсіх артыкулах ён не прызнаў, акрамя эпізоду з захоўваннем дзьвухствольнай зброі. Ён не ведае, чаму суд быў закрытым.

МЫ НІЧОГА НЕ ВЕДАЕМ

Суд падарыў дэтэктыў, які пакінуў больш пытаньняў, чым адказаў для грамадскасці.

Ці сапраўды Мельнікаў вінаваты ва ўсім, што яму прыпісалі?

Ці Мельнікаў – адбіты на галаву радыкал, які хацеў зладзіць экстрэмісцкі акт у сталіцы?

Ці ёсць палітычная падаплёка ў гэтай справе?

За што атрымаў першы крымінальны прысуд Аляксей?

Ці сапраўды ён былы догхантер?

Дзе ўсе яго сябры і сваякі?

Чаму на самой справе закрылі судовы працэс?

Адказаў на гэтыя пытанні ў нас для вас няма. І даведаемся мы іх, відаць, не раней, чым праз 7 гадоў.