Сярод высакамоўных і пуставатых слоў пра мастацтва знайшліся фразы (і людзі), якія па-сапраўднаму фактурна апісалі сітуацыю.

14 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – Алесь Сабалеўскі. На галоўным – Уладзімір Пятровіч.


Кампанія «Будзьма беларусамі» арганізавала 13 лістапада ток-шоў «Тэатр у Магілёве: шлях да гледача». Перад залай ў гасцініцы «Губернская» сваё меркаванне выказвалі крытык Алёна Мальчэўская, галоўны рэжысёр драмтэатра Саўлюс Варнас, рэжысёр Уладзімір Пятровіч і дырэктар тэатра лялек Уладзімір Андрэенка.

Досыць хутка стала ясна, што кожны са спікераў прыйшоў казаць пра сваё. Саўлюс Варнас дастаткова доўга распавядаў пра вытокі тэатра, сапраўднае мастацтва, пакліканні і многае іншае, што, на яго думку, фармуе «тэатральную таямніцу».

Яго словы гледачы ўспрымалі з найбольшым энтузіязмам – некалькі разоў на зале паўставалі людзі, якія выказвалі Варнасу падзяку за пастаноўкі і тое, у якім напрамку ідзе магілёўскі драмтэатр.

Варнас, photo -www.facebook.com/AliesSabalieuski

Крытык Алена Мальчэўская шмат у чым пагадзілася з Варнасам, адзначыўшы, што магілёўскія тэатры добра шумяць на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях:

У Беларусі ёсць мноства тэатраў, якія за ўвесь час ні разу не патрапілі ў праграму Belarus Open міжнароднага фестывалю ТЭАРТ. А Магілёў апошнія тры гады там пастаянна прадстаўлены. Калі браць за крытэрый так званы «індэкс цытавання», то Магілёў заўсёды ў фокусе. Варнас, Пятровіч, Ігар Казакоў, галоўны рэжысёр тэатра лялек – усё, што робяць гэтыя людзі, вельмі цікава.

Зрэшты, пранізлівыя стрэлы крытыкі ў спікераў таксама траплялі. Лідар магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў нагадаў драмтэатру, што ў рэпертуары амаль няма беларускамоўных пастановак:

– Кажуць, што спектаклі на беларускай не глядзяць, але гэта не так. Доўгі час драмтэатр паказваў пастаноўку «Трыстан і Ізольда», яна ішла 13 гадоў. Гэта быў моцны спектакль. Цяпер такога не ставяць, як мне здаецца.

Яму з залы запярэчыла прыхільніца Мельпамены, якая абурылася, бо «Стрындберга нельга ставіць па-беларуску».

photo -www.facebook.com/AliesSabalieuski

Праўда, успомнілі, што мова тэатра зразумелы кожнаму, хто ім цікавіцца. У тым ліку і беларуская, як у пастаноўцы «Сіняя-сіняя» абласнога тэатра лялек. Яго дырэктара Уладзіміра Андрэенку, зрэшты, больш хвалявалі побытавыя пытанні:

Я мала чую пра творчае на планёрках у выканкамах. Усё пагружана ў тэму экспарту, у якую-небудзь эканоміку. Мы ад гэтага не сыдзем. Сістэма такая, што неабходна зарабляць, – выказаўся Андрэенка.

Гранічна фактурна пра эканоміку, краіну і месцы тэатра ў іх выказаўся рэжысёр і акцёр драматычнага Уладзімір Пятровіч:

Мы жывем у тым, у чым жывем. Мы зараз гаворым пра ідэальны тэатр, пра тое, як павінна быць. Але мы жывем у краіне, у якой тэатр не патрэбны. Мы жывем у краіне, у якой за чатыры гадзіны планёркі ці калегіі ні разу не гучыць слова «культура». Мы жывём у планавай эканоміцы, дзе існуюць планавыя паказчыкі па колькасці выездаў, па колькасці гледачоў, па неабходнай колькасці заробленых грошай і запаўняльнасці залы. І гэта ўсё павінна ўлічвацца. Пра якую энергетыку можа ісці гаворка? Акцёры выпусташаныя. Я дваццацігоддзе кажу пра гэта. Я казаў гэта і міністру, і намміністра, калі тыя прыязджалі. Але не вырашаецца праблема!

Навошта мы возім спектакль на выезд? Мы возім яго для галачкі ўпраўлення культуры, што ў рэгіёне такім чынам насельніцтва даткнулася да мастацтва. Якое, да чорта, мастацтва? Калі вы хочаце, каб гэта сельскае насельніцтва даткнулася да мастацтва, вазьміце пяць аўтобусаў, пагрузіце туды бабуль і прывязіце іх у драмтэатр, каб яны акунуліся ў гэтую ілюзію. Тады гэтая ваша птушка будзе правамернай. Але пакуль тэатр не патрэбны дзяржаве, то пра якое мастацтва з вялікай літары ідзе гаворка».

Калі гэтая фраза прагучала напачатку, а не ў канцы, ток-шоу можна было б завяршаць раней.