Бытавая справа ператвараецца ў палітычны пераслед.

Блогер і баец MMA Мікіта Варажбітаў, чый Youtube-канал на 350 тысяч чалавек, як мяркуецца, быў выдалены магілёўскімі сілавікамі, атрымаў чарговыя суткі арышту – за кратамі ён правядзе ўжо 42 сутак.

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 29 студзеня суддзя Наталля Панасенка дала байцу яшчэ дзесяць сутак арышту па артыкуле 23.4 КаАП («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы»). Блогера ўжо ў трэці раз пакаралі пазбаўленнем волі за парушэнне карантыну пасля выпіскі з лякарні, дзе ён лячыўся ад COVID-19.

Міліцыя і суды дзейнічаюць у дачыненні да Варажбітава гэтак жа, як у і дачыненні да некаторых рэпрэсаваных па арт. 23.34 магілёўцаў. Калі Мікіце пара вызваляцца, на яго складаюць пратакол, пасля чаго ізноў адпраўляюць на суд, дзе блогер атрымлівае чарговыя суткі.

Упершыню Варажбітава затрымалі яшчэ 29 снежня 2020 года, прычым, паводле інфармацыі MSPRING.MEDIA, захоп ажыццяўлялі супрацоўнікі АМАП, якія накінуліся на блогера на адной з вуліц Магілёва, калі ён ішоў з дзяўчынай.

Пасля гэтага Мікіту ўжо тройчы судзілі за парушэнне рэжыму самаізаляцыі – за кожны дзень па-за карантыну яму выпісвалі «суткі». Пры гэтым у дзеяннях міліцыі выразна прасочваецца жаданне запрэсаваць хлопца – ім нічога не перашкаджала скласці адзін пратакол, уключыўшы туды кожны эпізод правапарушэння. Тады замест трох судовых працэсаў быў бы адзін – і тэрмін абмежаваўся бы 15 суткамі.

Яшчэ адзін адміністрацыйны арышт Варажбітаў атрымаў у сярэдзіне студзеня па арт. 17.10 КаАП за распаўсюд нацысцкай сімволікі, аднак абставіны гэтага працэсу невядомыя.

Дзіўным пераслед выглядае яшчэ і з таго пункту гледжання, што, як правіла, у Беларусі за парушэнне рэжыму самаізаляцыі суды даюць штрафы. Варажбітаў ў гэтым плане ўнікальны – ён першы, хто з-за COVID-19 пазбавіўся свабоды амаль на месяц.