Улады просяць скінуцца на яе яшчэ. Нейкі спецыфічны трыумф.

24 мая. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Нашаму сайту стаў вядомы дакладны кошт будаўніцтва трыумфальнай аркі на ўездзе ў Магілёў. Згодна з ананімнай крыніцай ў гарвыканкаме, гаворка ідзе пра суму амаль у 4 млн. рублёў.

Цалкам праект носіць назву «Добраўпарадкаванне кальцавога перасячэння на ПК151 – узвядзенне аркі з падземным пераходам. Арка аб’ект №17.17». Заказчыкам выступае Упраўленне камунальнага будаўніцтва г. Магілёва.

Кошт на дату пачатку распрацоўкі каштарыснай дакументацыі складаў спачатку 4 212 976 рублёў, пазней быў зменшаны да 3 849 121 рублі. Такім чынам, арка абыйдзецца магілёўцам амаль у 2 мільёны даляраў.

У ліпені 2017 года, калі будаўніцтва пачалося, «Магілёўскія ведамасці» распавялі, што толькі на надземную частку пойдзе «каля 500 тысяч рублёў». Згодна з газетай, частку гэтых сродкаў планавалася сабраць з магілёўцаў.

Але ў красавіку 2018 гады іншая газета – «Веснік Магілёва» – распавяла, што будаўніцтва будзе ажыццяўляцца «выключна за кошт ахвяраванняў гараджан, добраахвотнага ўдзелу неабыякавых, у тым ліку магілёўскіх і ня магілёўскіх прадпрыемстваў і арганізацый». Дырэктар Упраўлення капітальным будаўніцтвам г. Магілёва Андрэй Маскалёў пахваліўся, што асабіста ахвяраваў 100 рублёў, а ўсяго яго арганізацыя аддала 10 тысяч рублёў на будаўніцтва аб’екта.

23 мая ў сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што магілёўскі гарвыканкам просіць арганізацыі горада «разгледзець магчымасць аказання спонсарскай дапамогі на будаўніцтва аркі на Мінскай шашы». Даручэнне даў асабіста старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

Пазіцыя ўладаў ў тым, што «арка стане падарункам г. Магілёву ад магілёўцаў, а таксама палепшыць знешняе аблічча абласнога цэнтра з улікам правядзення ў 2018 годзе V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі“. Нагадаем, што на гэтае мерапрыемства прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паклікаў расійскага калегу Уладзіміра Пуціна.