Свабодны прафсаюз металістаў і партыя «Справядлівы свет» падаюць заяўку на пікет у Магілёве.
19 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Прадстаўнікі некалькіх палітычных сілаў заявілі пра намер правесці пікет супраць падаражэння медыцынскіх паслуг. Свабодны прафсаюз металістаў і партыя левых «Справядлівы свет» на дадзены момант шукаюць падтрымкі ў прадстаўнікоў іншых грамадскіх і палітычных аб’яднанняў:
– Вырашылі правесці пікет у сувязі з непад’ёмнымі коштамі медыцынскіх паслуг пры тым, што павышаюцца таксама тарыфы на камунальныя паслугі і растуць цэны на прадукты. Заробак застаўся на тым жа ўзроўні. Наша мэта – прыцягнуць увагу грамадзян да гэтай праблемы, – пракаментавала сутнасць пікету адна з арганізатараў Галіна Лісіцына.
Мерапрыемства плануецца правесці 11 чэрвеня. Усе дакументы, як запэўнівае Лісіцына, будуць прадстаўленыя ў гарвыканкам 23-24 траўня. Да гэтага часу ідзе пошук саюзнікаў:
– Першапачаткова пікет планаваўся ад Свабоднага прафсаюза металістаў. Потым да нас далучылася партыя «Справядлівы свет». Былі таксама ў БНФ, аднак яны адмовіліся падтрымаць нас, – сказала Лісіцына.
Паводле яе слоў, праблема дарагога медыцынская забяспечання цяпер стаіць асабліва востра – у сувязі з крызісам у насельніцтва можа проста не застацца грошай на сваё здароўе:
– Я звярталася з гэтым пытаннем да начальніка ўпраўлення аховы здароўя Магаблвыканкама Жыліну. Ён мне на ўсе адказаў, што медыцына ў нас бясплатная. Вось так. Але нават асобам, якім прызначаныя планавыя аперацыі, ўзнялі кошты на лекі, – сказала Лісіцына.
Плануецца, што ў пікеце прыме ўдзел каля 10 чалавек.
Нагадаем, на пачатку траўня магілёўскія праваабаронцы, журналісты, актывісты і палітыкі вырашылі дамагчыся змены мясцовага заканадаўства ў сферы масавых мерапрыемстваў.