Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў намесніка старшыні аблвыканкама Валерыя Малашку міністрам працы і сацыяльнага развіцця. Такім чынам, у абласной уладзе з’явілася вакантнае месца.

19 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Валерый Малашка займаў пасаду намесніка старшыні аблвыканкама c 2009 года. Ён адказваў за вырашэнне сацыя-культурных праблем рэгіёну, а таксама за медыцыну, спорт і адукацыю, узначальваў абласную прызыўную камісію.

Дзейнасць Малашка ацанілі высока – 15 снежня Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні чыноўніка міністрам працы і сацыяльнай абароны з фармулёўкай «ён у большай ступені бачыць тыя ці іншыя праблемы і недахопы на нізавым узроўні, штодня з імі працуе. Гэта міністэрства павінна ўзначаліць сур’ёзнае ўдасканаленне ўсіх напрамкаў дзейнасці. У нас самая вялікая праблема тут – незадаволенасць людзей па пэўных пытаннях».

Дакладна невядома, хто прыйдзе на месца Малашкі, аднак хутчэй за ўсё гэтым чалавекам будзе Андрэй Кунцэвіч, які кіруе ў Галоўным упраўленні культуры, ідэалогіі і па справах моладзі. Як стала вядома нашай рэдакцыі, раніцай 20 снежня ў Андрэя Кунцэвіча адбудзецца планёрка з кіраўнікамі ўсіх падпарадкаваных арганізацый.

Чакаецца, што падчас гэтай сустрэчы будзе абвешчана аб пераходзе чыноўніка на новую пасаду, а таксама назавуць імя магчымага пераемніка. Па нашых дадзеных, у выпадку, калі Кунцэвіч зменіць Малашку, яго пасаду зойме альбо намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка, якая з 2014 па 2016 ўзначальвала ўпраўленне ідэалогіі аблвыканкама, альбо цяперашні начальнік ідэалогіі Алег Пішчанка. 

З меншай верагоднасцю Галоўным упраўленнем будзе кіраваць Алена Баброва, якая зараз адказвае за рэгіянальнае ўпраўленне культуры.