Кейс тычыцца свабоды мірных сходаў.

10 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Ібрагім Салама, кіраўнік Дэпартамента па пытаннях дагавораў у галіне правоў чалавека, паведаміў праваабаронцу «Магілёўскай вясны» Барысу Бухелю, што скарга Канстанціна Чарнова зарэгістраваная ў Камітэце па правах чалавека ААН.

У канцы 2017 гады Барыс Бухель дапамог шасцярым магілёўцам скласці і накіраваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. У сакавіку 2017 года яны падпалі пад рэпрэсіі за ўдзел у акцыях пратэсту. Трое чалавек былі аштрафаваныя за магілёўскі «Марш недармаедаў» 15 сакавіка. Сярод іх апынуліся шматдзетная мама Алена Крэнь, а таксама студэнты Алёна Кісель і Канстанцін Чарноў. На момант удзелу ў акцыі пратэсту ў Чарнова былі зламаныя дзве рукі.

Падчас 2018 году КПЧ ААН зарэгістраваў скаргі пецярых магілёўцаў з шасці. Апошнім заставаўся Чарноў.

3 лютага 2020 года Ібрагім Салама накіраваў у Магілёў пацверджанне, што скарга Чарнова зарэгістраваная. Прэтэнзіі, выкладзеныя ў скарзе, накіраваны ураду Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель адзначае, што ААН даўжэй усяго рэагаваў на скаргу менавіта Канстанціна:

– Прайшло ўжо больш за два гады, пакуль нам дайшоў адказ менавіта па Чарнову. З гэтым трэба змірыцца – абскарджанне ў КПЧ ААН займае доўгія гады. Яшчэ невядома, колькі пройдзе часу, перш чым міжнародны орган вынесе рашэнне з нагоды скаргі Канстанціна. З іншага боку, вестка аб рэгістрацыі – станоўчы момант. Паколькі скарга была прызнаная прымальнай, варта чакаць, што беларускую дзяржаву заклічуць да адказнасці за рэпрэсіўныя дзеянні ў адносінах Чарнова і астатніх, – заявіў Бухель.

Часу прайшло сапраўды шмат – за той час, пакуль ААН рэгістравала скаргу, у Магілёве паспела вырасці і гучна заявіць пра сябе ЛГБТК-ініцыятыва “Новыя рэгіёны”, адным з каардынатараў якой стаў якраз Канстанцін Чарноў. У іх актыве – кінапаказы, семінары, фестывалі і іншыя івэнты па тэматыцы ЛГБТК і гендэрнай ідэнтычнасці.