У Бабруйску на адной акрузе з выбараў зняліся адразу два кандыдаты-бюджэтніка. Ім супрацьстаяла дзеючая дэпутат парламента

Інфармацыю без прозвішчаў сёння прадставілі дзяржаўныя інфармагенцтвы, але здагадацца, хто зняўся, аказалася нескладана.

28 кастрычніка. Бабруйск. Алесь Святліцкі. На фота – дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Рынейская, фота Аляксандра Казака, Bobruisk.ru


«Магілёўскія ведамасці» паведамілі пра тое, што з парламенцкіх выбараў у Магілёўскай вобласці зняліся адразу два кандыдаты – зараз на ўвесь рэгіён іх засталося 64 чалавекі.

Паводле дадзеных абласной выбарчай камісіі, раней у Бабруйскай-Ленінскай акрузе №78 два чалавекі падалі заявы аб зняцці з выбараў – нескладана здагадацца, што менавіта іх і выключылі з выбарчых бюлетэняў.

Абодва экс-кандыдата працуюць на дзяржаву. Ігар Мацвеенка з’яўляецца ахоўнікам стралковай каманды на станцыі Асіповічы Гомельскага атрада ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі. Вылучаўся ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Святлана Грыцэнка – бібліятэкар цэнтральнай бібліятэкі Бабруйскага раёна. На выбары ішла ад партыі левых «Справядлівы свет». У 2016 годзе таксама ўдзельнічала ў парламенцкай кампаніі, але беспаспяхова.

Цяпер у акрузе засталося 7 кандыдатаў, але пераможца, здаецца, ужо вядомая – гэта дзеючая дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Рынейская.

Да выбараў 2016 года работа начальнікам упраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама. У парламенце Рынейская таксама атрымала высокую пасаду – стала намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па навуцы, культуры і адукацыі.