Праўладныя і апазіцыйныя кандыдаты ў Магілёве выступілі супраць смяротнага пакарання

Ніхто не выказаўся за захаванне расстрэлаў у Беларусі.

12 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Увечары 11 лістапада ў сярэдняй школе №21 адбыліся альтэрнатыўныя дэбаты кандыдатаў у дэпутаты па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85.

У іх узялі ўдзел 7 чалавек з 8: Надзея Салаўёва (кандыдат ад БНФ), Таццяна Сівачэнка (кандыдат ад АГП), Аляксандр Ірхо (кандыдат ад партыі левых «Справядлівы свет»), Людміла Ільінская (кандыдат ад КПБ), Міхаіл Варанцоў (прадстаўнік «Моладзевага блока»), Людміла Здорыкава і Сяргей Тышкавец (вылучаліся зборам подпісаў).

Асабліва дзіўна, што ў дэбатах прынялі ўдзел дзве праўладных кандыдаткі – дырэктарка Магілёўскага гандлёвага каледжа Людміла Ільінская і дырэктарка СШ №27 Людміла Здорыкава.

Яны адразу заявілі, што разглядаюць сустрэчу не як дэбаты, а менавіта як сустрэчу з выбаршчыкамі. Апошніх набралася каля 20 – у асноўным гэта былі людзі, звязаныя з гарадскім актывізмам і палітычнымі партыямі.

У асноўным выбаршчыкі задавалі сацыяльныя пытанні – пра добраўпарадкаванне горада, экалогію і бяздомных жывёл.

Адна з глядачак вырашыла спытаць, як кандыдаты ставяцца да смяротнага пакарання ў Беларусі. У выніку ніхто з з сямі кандыдатаў не падтрымаў расстрэл злачынцаў.

Тых, што вагаюцца, аказалася двое – будучы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Здорыкава і вылучаны зборам подпісаў Сяргей Тышкавец, дырэктар магілёўскай Школы здароўя.

Здорыкова шчыра прызналася, што шмат думала над праблемай захавання смяротнага пакарання і дакладнага адказу ў яе да гэтага часу няма. Тышкавец пусціўся ў дзіўнаватыя развагі пра тое, што «трэба мяняць соцыум», пасля чаго пытанне аб смяротнай кары будзе неактуальным. Тут жа ён прывёў у прыклад нядаўні выпадак у Брэсцкай вобласці, дзе маці з сужыцелем адрэзалі галаву маленькай дачцэ, але канкрэтнага адказу, што рабіць з гэтымі людзьмі, ён не даў.

Астатнія кандыдаты выступілі выразна супраць смяротнага пакарання. Другая праўладная кандыдатка Людміла Ільінская катэгарычна выказала негатыўнае стаўленне да вышэйшай меры пакарання. Надзея Салаўёва, Таццяна Сівачэнка, Аляксандр Ірхо, Міхаіл Варанцоў прама заявілі аб непрымальнасці смяротнага пакарання ў Беларусі.