Аказваецца, Звянігарад – гэта як Швейцарыя.

4 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі / На фота – Звенігарад (альбо Швейцарыя, іх лёгка пераблытаць)


Беларускія дзяржаўныя органы актыўна ўключыліся ў прасоўванне ідэі Рускага свету ў Магілёве. На фоне пікіровак паміж прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным з нагоды коштаў на нафту, дзяржаўная бібліятэка Магілёва карыстаецца грашыма фонду, які падтрымлівае апошняга. У 2019 годзе Цэнтральная гарадская бібліятэка ім. Карла Маркса атрымала грант «Рускага міру».

ШТО ТАКОЕ ФОНД «РУСКІ МІР»

Фонд быў створаны 21 чэрвеня 2007 года ўказам Уладзіміра Пуціна. Заснавальнікамі Фонду ад імя Расійскай Федэрацыі з’яўляюцца Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.

Сваёй задачай фонд «Рускі мір» пазначыў «папулярызацыю рускай мовы і культуры, а таксама падтрымку праграм вывучэння рускай мовы ў розных краінах свету». Хоць нават не вельмі палітызаваным людзям зразумела, што задачы фонду выйшлі значна далей культурных – кіраўніцтва «Рускага міру» актыўна падтрымлівае не проста рускую культуру, а канкрэтна палітычны курс цяперашняга кіраўніцтва Расеі.

У склад апякунскай рады «Рускага міру» уваходзяць вельмі цікавыя персанажы, сярод якіх вы можаце ведаць:

  • Экс-міністра культуры РФ Уладзіміра Мядзінскага (адклікаў пракатнае пасведчанне у фільма «Смерць Сталіна», яго навуковую дысертацыю прызналі дрэннай і патрабавалі пазбавіць вучонага звання, казаў, што «у расейцаў ёсць лішняя храмасома», называў «дэбіламі» тых, хто любіць коміксы. Ну, і ў аглядах BadComedian вы таксама маглі часта пра яго чуць).
  • Экс-міністра адукацыі і навукі РФ, цяпер – памочніка прэзідэнта РФ Андрэя Фурсенку (за сваю дзейнасць на пасадзе міністра адукацыі Расіі атрымаў стос лістоў і заяў вядомых расійскіх грамадскіх дзеячаў аб яго некампетэнтнасці).
  • Экс-памочніка старшыні КДБ СССР, дэпутата Дзярждумы РФ Вячаслава Ніканава (заяўляў, што «[Рускія] Бацькоўскае арыйскага племя спусцілася з Карпацкіх гор, мірна засяліла Вялікую Рускую раўніну, Сібір, … дайшла да Ціхага акіяна, заснавала Форт Рос, увабрала ў сябе сокі найбагацейшых культур Візантыі, Еўропы, Азіі, разграміла найстрашнейшага ворага чалавецтва – нацызм, праклала дарогу ў космас»).
  • Кіраўніка ВДТРК Алега Дабрадзеева (пры ім на тэлеканале «Расія» стала выходзіць прапагандысцкая праграма «Нядзельны вечар з Уладзімірам Салаўёвым» і некалькі іншых прапагандысцкіх праектаў).
  • Міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова (аўтара знакамітай дыпламатычнай фразы «ДБЛ БЛЦ» і выдаўца фэйкай накшталт «расейскіх вайскоўцаў на Данбасе няма»).
  • Алігарха, прэзідэнта «Расійскіх чыгунак» Уладзіміра Якуніна (часта фігураваў у расследаваннях Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага).

Гэта не поўны спіс, але агульны пасыл зразумелы – у склад апякунскай рады ўвайшлі на 100% прапуцінскай людзі, якія гатовыя падтрымаць любое рашэнне свайго камандзіра – ад павелічэння пенсійнага ўзросту да анэксіі Крыма.

Зрэшты, свой курс фонд «Рускі мір» і не хавае.

ПЛАСТМАСАВЫ РУСКІ МІР

Фонд, акрамя інфармацыі аб заяўках на гранты, прадастаўляе інфармацыйныя матэрыялы. Часцей за ўсё – гэта перапосты з іншых сайтаў. Медыяпалітыка цалкам зразумелая – цалкам падтрымліваецца знешняя і ўнутраная палітыка Крамля.

З апошніх падзей фонд надаў ўвагу таму, што Расія спрасціла атрыманне грамадзянства для замежных грамадзян (сюды ж уваходзяць, відавочна, і беларусы), а таксама даў тэкст аб падтрымцы расейцамі новаўвядзенняў у расійскую канстытуцыю, якія, фактычна, даюць Пуціну права бязмежна заставацца на чале Расіі.

РАСІЙСКАЯ ПАДТРЫМКА ДЛЯ МАГІЛЁЎСКАЙ БІБЛІЯТЭКІ

Мы ўжо досыць шмат пісалі пра тое, што Магілёўская і Віцебская вобласць, відавочна, уваходзяць у сферу інтарэсаў Крамля. На дадзены момант, як здаецца, далучаць іх да РФ, як Крым, не будуць. Замест гэтага быў абраны іншы шлях – культурны ўплыў (мабыць, лепш за ўсё значнасць гэтага вектару ацэняць палітолагі і тыя, хто гуляў у серыю гульняў Civilization). Больш падрабязна можна даведацца вось тут. У прыватнасці, пра тое, як «браты з Расеі» перавярнулі беларускі сцяг у беларускім жа Магілёве.

Магілёўская гарадская цэнтральная бібліятэка імя Карла Маркса атрымала грант фонду «Рускі мір» у 2019 годзе. Грошы пайшлі на рэалізацыю прэзентацыйнага праекта «Гарады-пабрацімы Магілёва з Расійскай Федэрацыі: культура нас аб’ядноўвае». Аўдыторыя, на якую разлічана работа – школьнікі.

У рамках праекта былі распрацаваны інтэграваныя ўрокі і інтэрактыўныя сшыткі па Звянігараду, Туле, Пензе, Сакалінай гары ВАА г. Масквы для знаёмства магілёўскіх школьнікаў з гісторыяй, архітэктурай, культурай, традыцыямі гарадоў-пабрацімаў.

31 студзеня для навучэнцаў 6-х і 8-х класаў з СШ №1 і СШ №8 работнікі бібліятэкі правялі ўрок «Звянігарад – руская Швейцарыя». Як адзначыла газета «Вячэрні Магілёў», навучэнцы «пазнаёміліся з гісторыяй аднаго з самых старажытных гарадоў Падмаскоўя, даведаліся пра легенды, звязаных з паходжаннем назвы горада, «прагуляліся» па асноўных архітэктурных выбітных мясцінах горада».

Школьнікі паглядзелі відэа пра Звянігарад, а пасля большасць навучэнцаў сышлося ў меркаванні, што самымі цікавымі для іх былі музей рускага дэсерту і музей «Назад у СССР».