Уладзімір Лапцэвіч вывеў сітуацыю са штотыднёвікам «Ніва» на міжнародны ўзровень.

7 чэрвеня. Магілёў. Алесь Светлицкий


Уладзімір Лапцэвіч 6 чэрвеня накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН у Жэневу. На яго думку, беларуская дзяржава парушыла адно з асноўных правоў чалавека – права на свабоднае выказванне меркавання.

У чэрвені 2017 году суд Ленінскага раёна аштрафаваў Уладзіміра Лапцэвіча на 1035 рублёў за сем лістоў у тыднёвік для беларусаў Польшчы «Ніва». За кожны з лістоў на журналіста быў складзены асобны адміністрацыйны пратакол. На думку суддзі Алены Ліцвіной, Лапцэвіч парушыў беларускае заканадаўства, паколькі публікаваўся ў замежным масмедыя без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі.

У сваю чаргу, Лапцэвіч на судзе прадэманстраваў даведку ад галоўнага рэдактара «Нівы», згодна з якой ніякіх працоўных адносін паміж журналістам і часопісам не было. У сваіх лістах ён толькі апісваў цікавыя сайты Байнэта.

– Мае тэксты ў «Ніве» можна разглядаць толькі як лісты чытача. Пры гэтым кожнаму чытачу выплачваецца ганарар, бо часопіс выкарыстоўвае іх інтэлектуальную працу, аднак у штат выдання пазаштатнікі не ўваходзяць, – заяўляў у працэсе журналіст.

Зрэшты, мясцовае правасуддзе Лапцэвіч не пераканаў. І суд Ленінскага раёна, і суд вобласці прызналі віну журналіста, у выніку чаго ён быў аштрафаваны на 45 базавых велічыняў.

У сваёй скарзе ў Камітэт па правах чалавека ААН магілёвец адзначыў, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і абавязана прытрымлівацца яго артыкулаў:

– Прыцягваючы мяне да адміністрацыйнай адказнасці міліцыя і суды абедзвюх інстанцыяў парушылі арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якой кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання. Гэта права можа быць абмежавана толькі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, а таксама для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва. У маіх рэфлексіях пра сайты ў інтэрнэце няма нічога, што магло б стаць прычынай вышэйзгаданых абмежаванняў, – заявіў Лапцэвіч.