Валанцёры і праваабаронцы «Магілёўскай вясны» не паспелі заключыць патрэбныя дамовы.

14 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі/ photo – interfax.ru


Магілёўскі гарвыканкам на мінулым тыдні дазволіў правядзенне «Манстрацыі» 12 траўня на стадыёне па вул. Чалюскінцаў, паведаміў праваабаронца Аляксандр Буракоў.

Гэта была ўжо другая спроба «вясноўцаў» правесці пікет. У першы раз яны збіраліся зладзіць «Манстрацыю» 1 траўня, аднак тады ўлады адмовілі ў правядзенні пікета з-за раптоўнага футбольнага турніру (пра яго мы рабілі спецыяльны рэпартаж).

– Адказ пра тое, што нам дазваляюць правесці пікет, розныя сябры нашай каманды атрымалі 7-8 траўня, у залежнасці ад працы пошты. Па законе, мы павінны былі заключыць дамовы не пазней, чым за два дні да правядзення масавага мерапрыемства. Гэта значыць ідэальнай датай было б 9 траўня, але гэта быў выходны дзень, як і 8 траўня. Прадстаўнікі кіраўніцтва «хуткай», міліцыі і дарожна-маставога прадпрыемства ў гэты дзень, відавочна, не працавалі, – растлумачыў Буракоў.

Адзінай датай заставалася 10 траўня, але ў гэты дзень арганізатары паспелі перагаварыць толькі з медыцынскай службай.

Паводле Буракова, каманда падрыхтавала яшчэ адно апавяшчэнне аб правядзенні «Манстрацыі», ужо трэцяе па ліку, і 14 траўня занесла яго ў гарвыканкам.

– Чакаем, што ў трэці раз праблем не ўзнікне. У нас ужо гатовыя банэры і некаторыя плакаты, так што застаецца ўладзіць толькі бюракратычныя фармальнасці, – адзначыў праваабаронца.