Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі да Дня работнікаў пракуратуры заявіў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук.

25 чэрвеня. Магілёў-Мінск. Алесь Святліцкі / photo-prokuratura.gov.by


Аляксей Стук выступіў у Беларускім прэс-цэнтры з прэс-канферэнцыяй, падчас якой адказаў на некаторыя пытанні журналістаў.

Ён заявіў, што працоўная група, якая была створана для ацэнкі дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі падчас масавага затрымання цыган у Магілёве, «разабралася з гэтай справай па гарачых слядах».

– У супрацоўнікаў міліцыі былі поўныя падставы такім чынам масава адпрацоўваць цыганскія дыяспары. Вы, напэўна, самі ведаеце, якую СМС-ку скінуў нябожчык Патаповіч. Натуральна, міліцыя добрасумленна адпрацоўвала, прычым не толькі ў Магілёўскай вобласці, – заявіў Стук.

Паводле яго слоў, брыгада, якую сфарміравалі з працаўнікоў Генпракуратуры і пракуратуры вобласці, нічога супрацьпраўнага ў дзеяннях супрацоўнікаў МУС не выявіла:

– Якія-небудзь незаконных дзеянняў, там, перавышэння ўлады і іншае-іншае ў дачыненні да работнікаў міліцыі не ўсталявана, – распавёў намеснік генпракурора.

Пры гэтым ён адзначыў, што былі ўсталяваныя парушэнні працэсуальна-выканаўчага заканадаўства пры складанні адміністрацыйных пратаколаў.

– На іх звернута ўвага, яны ліквідаваныя, – паведаміў Аляксей Стук.
Ён асобна адзначыў, што «ніводнай заявы ад асоб цыганскай нацыянальнасці не паступіла».

Нагадаем, увечары 16 траўня ў Магілёве знік інспектар дзяржаўтаінспекцыі, лейтэнант міліцыі Яўген Патаповіч. З 17.30 да 18:20 ён выбыў на месца ДТЗ. У 18.27 даслаў паведамленне па Viber: “Тэрмінова. Чорная “волга”. Тры цыганы. Рэгістрацыйны знак – рускі”. Пасля гэтага ён знік з табельнай зброяй.

Каля 20:45 яго знайшлі забітым у лесапаласе паміж Магілёвам і Шкловам. Адразу пасля гэтага па ўсім горадзе ў месцах кампактнага пражывання цыганоў пачаліся масавыя аблавы. Усяго было затрымана, па розных звестках, ад 50 да 100 чалавек. Затрыманні, як распавядалі цыганы праваабаронцам, суправаджаліся збіццём і абразамі.

Пазней Следчы камітэт заявіў, што Патаповіча ніхто не забіваў – хутчэй за ўсё, міліцыянт здзейсніў суіцыд. Перад народнасцю рома прынесла прабачэнні кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.