Адразу пасля выбараў па замове УУС Магілёўскага аблвыканкама на экс-кандыдата ў дэпутаты з Дрыбіна Андрэя Юркова завялі адміністрацыйную справу. Яго падазраюць у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі з-за рэакцыі ў «Аднакласніках».

29 лістапада. Магілёў-Дрыбін. Алесь Святліцкі


На экс-кандыдата ў дэпутаты па Горацкай выбарчай акрузе №82 Андрэя Юркова завялі адміністрацыйную справу па арт. 17.11 за распаўсюд нацысцкай сімволікі.

У верасні 2019 года Юркоў негатыўна адрэагаваў ў «Аднакласніках» на мем з выявай сцяга нацысцкай Германіі, паставіўшы адзнаку «Сумую» пад пастом. Алгарытм сацыяльнай сетцы дадаў мем у стужку, каб сябры Юркова маглі ўбачыць яго стаўленне да таго, што намалявана на малюнку.

Ва УУС Магілёўскага аблвыканкама раптам вырашылі, што Андрэй Юркоў тым самым распаўсюдзіў нацысцкую сімволіку.

Абласное ўпраўленне накіравала рапарт у РАУС Дрыбінскага раёна, у якім параіла правесці праверку ў дачыненні да экс-кандыдата ў дэпутаты.

26 лістапада Юркова выклікалі ў РАУС, дзе ён даў тлумачэнні:

– Я ім сказаў, што гэта нейкае трызненне. Яшчэ і менавіта пасля выбараў такое глупства пачалася – якое ж супадзенне! Я тлумачыў, што калі я, напрыклад, лайкну ў тых жа «Аднакласніках» карцінку з плакатам «Раздавім фашысцкую гадзіну», дзе таксама ёсць свастыка, я таксама буду «распаўсюднікам свастыкі»? У выніку ўзялі тлумачэнні і адпусцілі, – распавёў MSPRING.ONLINE Андрэй Юркоў.

Праз пару дзён мужчыну зноў выклікалі ў міліцыю. Позву яму даваць адмовіліся, патлумачыўшы, што пакуль яшчэ толькі вядзецца праверка і ніякай справы няма. Юркоў схадзіў у РАУС, дзе яму задалі яшчэ некалькі дадатковых пытанняў, пасля чаго сказалі, што адміністрацыйную справу заводзіць не будуць:

– Мне здавалася, там нармальныя хлопцы. Сказалі, што гэта проста папера з Магілёва, што яны абавязаны разабрацца, але пустую працу рабіць таксама не хочуць, – растлумачыў экс-кандыдат дэпутат. – У выніку я пайшоў, а на наступны дзень я даведаўся, што справу завялі. Пры мне склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Сказалі, што будзе суд, – распавёў Юркоў.

Акрамя таго, парушэнне экс-дэпутата перакваліфікавалі з першай на другую частку – яму пагражае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь.

Палітык пазначыў у пратаколе, што са справай ён не згодны і адмовіўся ад подпісу.

Андрэй Юркоў – вядомы ў Дрыбіне палітык і бізнесмен. На мінулых выбарах улады афіцыйна напісалі яму 7,3% галасоў па Горацкай выбарчай акрузе.