Стэфану Лазавіку абяцалі свабоду ў абмен на прызнальныя паказанні. Ён іх даў.

Стэфану Лазавіку – 27 гадоў. Свой наступны дзень нараджэння, які будзе ў яго ў верасні, з вялікай доляй верагоднасці ён правядзе не з сябрамі і блізкімі, а ў калоніі агульнага рэжыму. Усё з-за надпіса, які Стэфан пакінуў у ноч з 11 на 12 жніўня – там ён вельмі жорстка выказаўся, як мяркуецца, ў адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Лазовік быў незалежным назіральнікам на Горацкім выбарчым участку №2. Калі ў краіне здарыўся выбух гвалту з боку сілавікоў 9-11 жніўня, Стэфан не вытрымаў. У ноч з 11 на 12 жніўня ён пакінуў надпіс фарбай на адным з прыпыначных пунктах у Горках:

“Ён прайграў і стаў забіваць. С**т сыходзь!”.

Пазней ён прызнаўся, што зрабіў гэта ўсё на эмоцыях.

Першапачаткова Гарэцкі РАУС адмовіўся ініцыяваць узбуджэнне крымінальнай справы, бо не ўбачыў ва ўчынку прыкмет складу злачынства. Нанясенне надпіса кваліфікавалі як адміністрацыйнае правапарушэнне па арт.17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Крымінальная справа была ўзбуджаная праз месяц пасля інцыдэнту – 15 верасня па ініцыятыве раённай пракуратуры. Лазавіка прызналі падазраваным па арт. 341 КК РБ (Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці).

Увесь гэты час Лазавіка прэсавалі супрацоўнікі РАУС – за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

16 верасня яго забралі невядомыя людзі ў цывільным і даставілі ў райаддзел міліцыі. Пратакол затрымання не складаўся.

Лазавіка судзілі спачатку за апошнія 30 жніўня (далі 25 базавых велічыняў штрафу), а пасля суда зноў адразу затрымалі і склалі пратакол яшчэ і за 23 жніўня.

У гэты час у доме Стэфана правялі ператрус, канфіскавалі куртку і фарбу (ён рамеснік). Перад судом, у кабінеце начальніка ІЧУ, як сцвярджаў Лазавік, пачаўся шантаж. Яму прапанавалі прызнацца ў здзяйсненні надпіса ў абмен на штраф, а не арышт, і заставацца пад падпіскай на час следства. Ён пагадзіўся.

29 кастрычніка, па ініцыятыве пракурора, артыкул перакваліфікавалі з 341 КК РБ на ч.1 339 КК РБ (Злоснае хуліганства). Нават на гэтым этапе Лазавіка пераконвалі, што яму будзе штраф.

Суд быў прызначылі на 26 лістапада. 25 лістапада а 16:00 яго выклікалі ў Следчы камітэт, дзе яму прапанавалі запісаць пакаяннае відэа з асуджэннем пратэстнага руху. Стэфан Лазавік адмовіўся гэта зрабіць.

26 лістапада ў 11:00 адбыўся суд. Суддзя Ясковіч вынесла рашэнне – бліжэйшы год Стэфан правядзе ў калоніі агульнага рэжыму.