Урна з прохам Цэткін павінна круціцца пад зямлёй ад такога фокуса.

8 сакавіка. Ірына Вайс. Магілёў


«Ну што, дзяўчынкі, са святам! Жаніхоў вам маладзейшых і багацейшых!»- кажа нам з сяброўкай афіцыянт у кафэ, дзе я пішу гэты тэкст. Іранічнасць сказанага, наўрад ці ацэненая, павісае ў паветры. За суседнім столікам тры жанчыны з воклічам «дзявулі, за нас!» чаркуюцца куфлямі з шампанскім. Лепшага месца для таго, каб пісаць пра скалечаны Міжнародны жаночы дзень немагчыма ўявіць.

Дарэчы пра гэта: ці часта ў нашай медыяпрасторы вы бачыце афіцыйную назву гэтага свята? Наколькі я магу судзіць, яно нярэдка замяняецца на нейтральнае «8 сакавіка», што ўвогуле прымальна, або на «свята вясны», што шчыра агідна, калі ўспомніць, з чаго ўсё пачалося.

ЯК УСЁ ПАЧЫНАЛАСЯ…

Вытокі святкавання Міжнароднага жаночага дня сыходзяць каранямі ў сацыялістычны і суфражысцкі рух. У 1910 годзе на Міжнароднай Сацыялістычнай Жаночай Канферэнцыі нямецкая сацыялістка Луіза Зіц, натхнёная леташнімі (28 лютага 1909) пратэстамі жанчын у Амерыцы, вылучыла прапанову заснаваць Міжнародны жаночы дзень; яе падтрымала сацыялістка і камуністка Клара Цэткін, якая напісала ў сваёй рэзалюцыі:

«У адпаведнасці з класава-свядомымі палітычнымі прафсаюзнымі арганізацыямі пралетарыяту ў кожнай краіне, сацыялісткі ўсіх нацыянальнасцяў павінны заснаваць асаблівы Жаночы дзень (Frauentag), які ў першую чаргу павінен служыць агітацыі за прадастаўленне жанчынам выбарчага права. Гэта патрабаванне павінна быць вылучана як складовая частка ўсяго жаночага пытання ў цэлым і ў поўнай адпаведнасці з сацыялістычнымі поглядамі».

Прапанова была прынята і падтрымана астатнімі делегатками, хоць з дакладнай датай на канферэнцыі не вызначыліся, і ў наступныя некалькі гадоў Жаночы дзень адзначаўся ў шэрагу краін у розныя даты, упершыню трапіўшы на 8 сакавіка ў 1914 годзе ў Германіі. Падзеяй, як можна заключыць, якая зацвердзіла менавіта гэтую дату, стала забастоўка тэкстыльшчыц і марш за правы работніц 8 сакавіка 1917 года ў тагачасным Петраградзе, на якую сучаснікі спасылаюцца як на ключавы штуршок да пачатку Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі. У 1921 году Камуністычнай жаночай канферэнцыяй было вырашана святкаваць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка.

…І ЯК УСЁ СКОНЧЫЛАСЯ

Дык у які жа момант свята эмансіпацыі жанчын, створанае жанчынамі і прысвечаны руху раз’юшаных рэвалюцыянерак, якія патрабуюць «хлеба і міру», права голасу і роўных умоў працы, ператварылася ў беларускай (і рускай) грамадскай свядомасці ў «свята вясны і жаноцкасці»?

Пачатак, верагодна, быў пакладзены пры расфарміраванні ў 1930 Жаночых аддзелаў ЦК, якія займаліся прасоўваннем і абаронай правоў жанчын, але, так ці інакш, тая версія святкавання 8 сакавіка, што існуе зараз, рэзка адрозніваецца ад першапачатковай.

Усе гэтыя «мілыя дамы» і пажаданні заставацца прыгожымі, выйсці замуж, часцей усміхацца, працягваць быць «упрыгожваннем офіса» і іншае, і іншае. Рыторыка, што атрутным туманам атачае гэтае свята, малюе жанчын пяшчотнымі, далікатнымі стварэннямі, пераконвае жанчын, што яны такімі з’яўляюцца – і прывучае ўспрымаць гэта як камплімент. Якія ўжо тут пратэсты і дэманстрацыі? А між тым многія пытанні, якія ўздымалася сотню гадоў таму, застаюцца гнятліва актуальнымі – напрыклад, 23% розніцы з мужчынамі ў аплаце працы (на 2016 год).

Таму, назіраючы падрыхтоўку да чарговага 8 Сакавіка (ружовыя плакаты ў вітрынах крамаў, распродажы прысмакаў і кветак, адначасова смешныя і жудасныя «віншаванні» у газетах і інтэрнэт-СМІ), так і хочацца ў сэрцах крыкнуць: «Клара, мы ўсё пра***лі!».

Але я не хачу заканчваць на сумнай ноце, так што – усё ж за нас, дзявулі.

Толькі давайце не забываць, што гэта на самай справе значыць.