У мерапрыемстве брала ўдзел агенцтва, якое адказвае за “інтэграцыю” з Магілёвам і Віцебскам.

20 снежня. Магілёў. Саша Мінько


У гэтым горадзе, які месціцца на мяжы з Украінай (да Харкава ўсяго 79 км), прайшоў Міжнародны інтэграцыйны форум “Прымежжа-2019”. Больш за 60 экспертаў прыехалі з Беларусі, Украіны, Казахстана, Арменіі і Малдовы, каб падчас пленарных паседжанняў распавесці пра перспектывы развіцця памежнага супрацоўніцтва гэтых краінаў з Расеяй.

Ніякай падрабязнай інфармацыі па павестцы дня не падаецца. Але вядома, што форум ужо некалькі гадоў запар рыхтуецца “Інстытутам прыгранічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі”, падтрымку якому аказвае Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва краінаў СНД.

“Інстытут прыгранічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі” у выглядзе аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі быў створаны ў 2014 годзе. Пляцоўку яму забяспечыў Белгарадскі дзяржаўны ўніверсітэт. Як пішуць самі заснавальнікі, стварэнне “Інстытута” спатрэбілася з-за “змянення сацыяльна-палітычнай сітуацыі і новых выклікаў у памежжы, …для развіцця народнай дыпламатыі”.

Нагадаем “новыя выклікі” 2014 года – у ноч на 22 лютага былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч праз Харкаў збег спачатку ў Данецк, а далей – у Севастопаль. У сакавіку таго года Расеяй быў анексаваны Крым, а яшчэ праз месяц у Данбасе пачалася вайна пасля абвяшчэння ЛНР (Белгарадская вобласць мяжуе з Луганскай) і ДНР. На гэтым фоне і ствараўся “Інстытут прыгранічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі”.

Афіцыйныя мэты і задачы “Інстытута” досыць стандартныя для такой установы: збор інфармацыі пра памежныя тэрыторыі пад выглядам сацыяльна-эканамічных даследванняў; распрацоўка і рэалізацыя інтэграцыйных праектаў; эканамічнае ўцягванне слабых раёнаў і “народная дыпламатыя”, як “мяккая сіла”.

Кіруе “Інстытутам” дацэнт кафедры сацыяльных тэхналогій Белгарадскага ўніверсітэта Віктар Сапрыка. Ён кандыдат сацыялагічных навук. А вось у падначаленыя ён набраў сабе сваіх жа студэнтаў, якія не хаваюць амбіцыяў. Напрыклад, менеджар праектаў Аляксандр Пасцюк прафесійна займаецца прасоўваннем “мяккай сілы” Расеі і самаідэнтыфікацыяй жыхароў памежных тэрыторыяў.

Але вернемся да мерапрыемстваў Форума. Вядома, што Віктар Сапрыка прапанаваў да рэалізацыі новы праект – “Міжрэгіянальную сетку школаў публічнага кіравання Еўразійскага эканамічнага саюза”. А далей пайшлі даклады, прысвечаныя украінска-расейскім і казахстанска-расейскім адносінам.

Адметна, што ад Малдовы ўдзел прымаў прадстаўнік муніцыпіі Камрата – сталіцы тэрытарыяльнай аўтаноміі Гагаўзія, з якой палітычныя праблемы ў афіцыйнага Кішынёва толькі ўзрастаюць. Акурат у 2014 годзе ўлады Гагаўзіі правялі рэферэндум, на якім 98% выбаршчыкаў падтрымалі інтэграцыю ў Мытны саюз ЕўрАзЭС і выказаліся за “адкладзены статус аўтаноміі”, які дае права выйсці са склада Малдовы ў выпадку страты ёю незалежнасці. Улады Малдовы абвесцілі правядзенне рэферэндума незаконным.

Што тычыцца Беларусі, то афіцыйна на сайце “Інстытута” пазначана, што яго стратэгічнымі партнёрамі з’яўляюцца Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Актуальная канцэпцыя”, якой кіруе палітолаг Аляксандр Шпакоўскі. Сярод партнёраў пазначана і смаленская Асацыяцыя “Агенцтва інтэграцыйных ініцыятываў”, што стала займаецца прасоўваннем інтарэсаў Расеі ў Віцебску і Магілёве.

Афіцыйна беларускі даклад чытаў у якасці эксперта грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Аляксей Аўдонін. У Беларусі ён вядомы, як эканамічны аглядальнік, які супрацоўнічае з расейскім інфармагенцтвам “Sputnik”. На форуме ён распавядаў пра праблемы бяспекі памежжа “ва ўмовах нарастання вайскова-палітычнага супрацьборства”.

Таксама ад беларускага боку пра досвед у падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне дзяржкіравання распавядалі дацэнты кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Анастасія Міксюк і Святлана Шабуневіч. Пра гэта нават паведаміў афіцыйны сайт Акадэміі кіравання, але без прывязкі да астатніх мерапрыемстваў – яны выступілі на кольным стале “Працэсы публічнага кіравання ў ЕАЭС: ад тэорыі да практыкі”.

Расейскімі арганізатармі былі анансаваныя планы на бліжэйшы час. Ужо ў красавіку ў Мінску плануецца правесці Школу міжнароднай інтэграцыі і міжнароднага супрацоўніцтва. Таксама да рэалізацыі ў Беларусі прапануюцца адукацыйна-культурны форум “Адзінства” і Школа ўпраўленцаў СНД-2050.

Мерапрыемствы белгарадскага Форума прайшлі пры фінансавай падтрымцы расейскага Фонда прэзідэнцкіх грантаў (праект №19-2-002144). А сярод сталых спонсараў “Інстытута” значыцца вядомы “Фонд падтрымкі публічнай дыпламатыі імя Гарчакова”.

У лютым 2015 года Служба бяспекі Украіны абвінаваціла кіеўскую філію фонда Гарчакова ў антыдзяржаўнай прапагандзе і зачыніла яе – пад маркай “інфармацыйнага цэнтра” пры адным з універсітэтаў вялася адкрытая антыўкраінская прапаганда.

Праверка СБУ тады паказала, што прадстаўнікі “інфармцэнтра” ажыццяўлялі адбор найлепшых украінскіх студэнтаў і фінансавалі іх выезд у Расею для ўдзелу ў семінарах і форумах. Роўна тое самае ад 2016 года робіць з беларускімі студэнтамі смаленскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятываў, а цяпер да яго далучыўся і белгарадскі “Інстытут прыгранічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі”.