Вольга Петрашова заходзіць на другі парламенцкі круг.

9 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Выбарчая камісія па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 зарэгістравала ініцыятыўную групу па зборы подпісаў для вылучэння Вольгі Петрашовай ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Гэта першая ініцыятыўная група, якая заявілася ў гэтай акрузе.

Вольга Петрашова на дадзены момант з’яўляецца дзеючым дэпутатам па гэтай жа акрузе. На выбарах у парламент 2016 года выбаркам прыпісаў ёй 55% галасоў. Калі верыць афіцыйным зьвесткам, за яе прагаласавала ў два разы больш чалавек, чым за бліжэйшага суперніка (Ігар Вараб’ёў набраў 27%).

Падчас мінулай кампаніі Петрашова адзначылася заўчасным піярам – дзяржаўная газета “Веснік Магілёва” да пачатку этапа агітацыі апублікавала вельмі добры артыкул пра Вольгу Пятроўну, у якім назвала яе «неардынарнай», «энергічнай», «дыпламатам» і «камунікабельным кіраўніком».

Да свайго дэпутацтва Петрашова займала пасаду намесніка старшыні абласной арганізацыі прафсаюзаў. У якасці парламентарыя нічым асаблівым яна не адзначылася, не ўлічваючы прыёму грамадзян і рэгулярных наведванняў святаў і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

У лістападзе 2016 года ёй перадалі подпісы магілёўцаў за адмену «дэкрэта аб дармаедах», але водгуку ў Петрашовой яны не знайшлі.

У ініцыятыўную групу дэпутата на выбары-2019 увайшлі 64 чалавекі. Узначаліў яе член адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

Дарэчы, 17 верасня Вольга Петрашова правядзе прыём грамадзян, пра што ўжо паведаміў сайт раённай адміністрацыі.