Гэта тлумачыць лістападаўскі выкід чорнай субстанцыі, падобнай на сажу.

4 ліпеня. Магілёў. Саша Мінько. Пры выкарыстанні тэксту гіперспасылка на арыгінальны матэрыял абавязковая у першым абзацы.


Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE раскапаў цікавы дакумент, які пралівае святло на манеру весці справы на прадпрыемстве. Ёсць здагадка, што запускалі яго зусім без фільтруючых элементаў.

Інтэрнэт-цэнтр электроннага гандлю IceTrade зафіксаваў тэндэрную заяўку прадпрыемства ЗТАА «Омск Карбон Магілёў», пабудаванага ў магілёўскай свабоднай эканамічнай зоне. Каб зразумець яе сэнс, дастаткова ўспомніць дату пробнага пуску прадпрыемства.

Нагадаем, ён адбыўся 18 лістапада мінулага года і апынуўся вельмі няўдалым, паколькі суправаджаўся выкідам цвёрдых часціц. Жыхары бліжэйшых пасёлкаў Вейна і Навасёлкі заявілі, што іх накрыла воблакам сажы. Прадстаўнікі прадпрыемства прызналі праблему, але звярнулі ўвагу, што гаворка ішла менавіта пра выпрабавальны пуск і наладку абсталявання.

Аднак на самой справе «Омск Карбон Магілёў» правёў уласнае разбіральніцтва, але яго вынікі не раскрывае, бо гэта тычыцца ўнутраных спраў бізнес-групы. У працэсе з’явілася вось гэтая тэндэрная заяўка №2018-634954.

Нагадаем, 18 лістапада адбыўся пуск, а знойдзены MSPRING.ONLINE дакумент з’явіўся літаральна праз дзень. Прычым заяўка тэрміновая: прыём прапаноў пачаўся 20-га чысла, а скончыўся праз пяць дзён.

Атрымліваецца, жыхары Вейна пачалі збіраць подпісы за закрыццё завода, а яго кіраўніцтва толькі пачало шукаць патрэбныя ачышчальныя камплектуючыя?

Здзіўляе тое, што паветраных фільтраў каскаднай серыі рознай магутнасці спатрэбілася адразу аж шэсць:

Пробны пуск быў праведзены зусім без фільтраў і абсталявання ачысткі? Што было б, калі б мясцовыя жыхары не сталі пратэставаць, застаецца толькі здагадвацца. Мабыць, гэта быў варыянт «на авось», але ў Беларусі такі бізнэс не прайшоў.

Магілёўскі завод тэхнічнага вугляроду пакуль не працуе. Ён рызыкуе стаць трэцяй праблемнай прамысловай пляцоўкай пасля светлагорскага камбіната беленай цэлюлозы і брэсцкага завода свінцовых акумулятараў, чыя праца прыпыненая з-за парушэння экалагічнага заканадаўства пасля пробных пускаў.

Азнаёміцца ​​з тэндэрнай заяўкай можна тут.