Праваабаронцы і валанцёры “Магілёўскай вясны” раздалі некалькі соцень асобнікаў спэцвыпуску газэты “Народная воля”.

18 ліпеня ва ўсім свеце адзначаецца дзень вядомага палітыка і змагара за правы чалавека Нэльсана Мандэлы. За барацьбу супраць апартэіду ў ПАР яго пасадзілі на 27 гадоў у турму, аднак ён не адмовіўся ад сваіх перакананняў і пранёс каштоўнасці правоў чалавека праз усё сваё жыццё. У 1993 годзе яго ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй міра. Доўгі час ён займаў пасаду прэзідэнта ПАР, а таксама заснаваў некалькі дабрачынных фондаў і выступаў за мірнае ўрэгуляванне любых ваенных канфліктаў.

Да Міжнароднага дня Нэльсана Мандэлы газета “Народная воля” выпусціла адмысловы выпуск з інфармацыяй пра яго жыццё і ўчынкі. Праваабаронцы і валанцёры “Магілёўскай вясны” за дзве гадзіны раздалі некалькі соцень асобнікаў, а таксама распаўсюдзілі іх па паштовых скрынях у шматкватэрных дамах.

– Усё прайшло добра, ніякіх праблем не было. Міліцыя бачыла, што мы раздаем газеты, але ніякай цікавасці не праявіла, так што ўсё выдатна. Адзінае, што падкачала – надвор’е, было дажджліва. Але я ўсё роўна ўпэўнены, што ідэя расказаць пры дапамозе газеты магілёўцам аб тым, хто такі Нэльсан Мандэла – гэта выдатна. Нават калі адзін чалавек задумаецца пра правах чалавека, гэта ўжо перамога праваабаронцаў, – пракаментаваў акцыю праваабаронца Барыс Бухель.