Чакаць рашэння РАУС Магілёўскага раёна давядзецца каля месяца. Увесь гэты час апячатаныя аўтамабілі будуць знаходзіцца на яго тэрыторыі.

9 траўня. Магілёў. Аляксандр Буракоў


Затрыманы ў Магілёве блогер Сяргей Ціханоўскі заехаў у горад на аўтамабілі і ў суправаджэнні свайго паплечніка, мясцовага прадпрымальніка Сяргея Лазарэнка. Іх Volkswagen Touareg суправаджаў падпісант «Краіны для жыцця» з Ельска (Гомельскай вобласці) Андрэй Іллюк, які спецыяльна прыехаў на сваім Audi A8 дапамагчы вазіць абсталяванне.

Па ўсёй бачнасці, міліцыя праслухоўвала тэлефоны Ціханоўскага і Іллюка, і такім чынам змагла ўсталяваць іх месцазнаходжанне. Пасьля затрымання, як пазней высветлілі праваабаронцы «Магілёўскай Вясны», Сяргея Ціханоўскага адразу ж адправілі ў ІЧУ.

А вось лёс двух яго кіроўцаў доўгі час заставаўся невядомым.

Толькі вечарам у сераду 6 траўня высветлілася, што з месца інцыдэнту пад канвоем ДАІ іх даставілі ў РАУС Магілёўскага раёна. У абодвух кіроўцаў міліцыя канфіскавала ключы ад машын і тэхпашпарты, а самі аўтамабілі былі апячатаныя. Афіцыйная падстава – праверка арыгінальнасці ідэнтыфікацыйных кодаў транспартных сродкаў (нумароў VIN), для чаго будзе прызначаная судовая экспертыза.

У парушэнне заканадаўства абодвух актывістаў пратрымалі ў міліцыі больш за тры гадзіны (з 13.00 да 19.00), іх не кармілі і не адпускалі на абед, нягледзячы на ​​такія просьбы, а па выніку не прад’явілі ніякага абвінавачання. На іх не складзена аніякіх пратаколаў, не выпісана позваў. Больш за тое, на рукі не выдалі ніякіх дакументаў, хоць дарагія аўто фактычна канфіскаваныя.

Вядома, што на размову да іх прыязджаў асабіста намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі палкоўнік Уладзімір Рыжанкоў. Яго задачай было даведацца, з якой прычыны прадпрымальнік Лазарэнка (кантралюе рэстаранны комплекс ТАА «Любужскае прадмесце») раптам далучыўся да групы падтрымкі Сяргея Ціханоўскага.

Пасля таго, як Рыжанкоў напрыканцы працоўнага дня роўна ў 18.00 пакінуў будынак РАУС, кіроўцам паведамілі, што іх нарэшце адпусцяць. Яшчэ каля гадзіны з машын выгружалі абсталяванне, якое належыць Сяргею Ціханоўскаму, якое дазволілі забраць. І толькі праз гадзіну абодва паплечніка блогера апынуліся на волі.

Але самае цікавае адбывалася на наступны дзень. Жыхар Ельска Андрэй Іллюк зьявіўся ў РАУС Магілёўскага раёна ў суправаджэнні юрыста магілёўскага аддзялення ПЦ “Вясна” Барыса Бухеля.

Юрыста здзівіла, што дарагая машына засталася ў міліцыі, а ва ўладальніка на руках няма ніякіх дакументаў. Сітуацыя выглядае дзікавата: міліцыянты запісалі нумар тэлефона Іллюка і адправілі таго дадому з абяцаннем патэлефанаваць пры неабходнасці, а гэта вельмі сумнеўна з прававога пункту гледжання.

Барыса Бухеля ў аддзяленне пусціць катэгарычна адмовіліся. Высветлілася, што вядзе справу оперупаўнаважаны па прозвішчы Шведзін – ім апынуўся малады лейтэнант. І як толькі стала вядомая яго прозвішча, у РАУС з’явіўся намеснік начальніка Дзяніс Сапроненка. Міліцэйскі чын паведаміў, што рыхтуюцца паперы для правядзення камітэтам судовых экспертыз праверак VIN-кодаў абодвух аўтамабіляў.

Пазней стала вядома (ад сястры прадпрымальніка), што Сяргей Лазарэнка аўтамабіль купіў у аўтасалоне цалкам новым, і чапляцца да VIN-нумары ў такіх выпадках проста глупства.

Дарэчы 7 траўня да прадпрымальніка раптам заявілася падатковая інспекцыя і міліцэйская праверка з АБЭЗ. Лазарэнка назваў гэта «поўным супадзеннем», але з-за праверак яму цяпер не да машыны.

А ў Андрэя Іллюка сітуацыя цалкам іншая. Ён змушана пераначаваў у адной з магілёўскіх гасцініц і прагнуў пакінуць дужа гасцінны горад.

Намеснік начальніка РАУС Дзяніс Сапроненка параіў яму звярнуцца ў Магілёўскае ўпраўленне камітэта судовых экспертыз, каб правесці праверку платна – гэта паскарае працэс. Андрэй Іллюк пагадзіўся, але ўсе яго надзеі апынуліся марнымі.

Эксперты-крыміналісты пагадзіліся зрабіць экспертызу VIN-нумары за адзін дзень. Для гэтага аўтамабіль трэба было толькі прыгнаць да будынка Упраўлення – як варыянт, у суправаджэнні міліцыі, альбо па даверанасці. Але вердыкт лейтэнанта Шведзіна быў кароткі: «Машына будынак РАУС не пакіне». І відавочна такая каманда была дадзена яму звыш – ад таго ж Дзяніса Сапроненка.

Такім чынам, падтрымка апазіцыйнага блогера Сяргея Ціханоўскага дорага абыдзецца яго падпісчыкам. Аўтамабілі будуць стаяць на тэрыторыі РАУС прыкладна месяц: каля двух-трох дзён будзе ісці пошта ў камітэт судэкспертыз і на саму працэдуру заканадаўства прадугледжвае да 30 дзён.