1 лістапада праводзілі паралель паміж савецкім і цяперашнім рэжымам, 2-га – традыцыйна сабраліся каля месца масавых расстрэлаў.

3 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фото на главной – Алесь Сабалеўскі, facebook.com/AliesSabalieuski


Пачатак лістапада – традыцыйны час для памінання памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, ад якіх пацярпела Беларусь. У адрозненне ад Расіі, дзе ўлады афіцыйна ўстанавілі дзень памяці, у нашай краіне мерапрыемствы смутку ініцыююцца гараджанамі.

Першым з такіх мерапрыемстваў стала чытка “Пасть”, арганізаваная валанцёрскай праваабарончай групай MAYDAY і часопісам пра чалавека і яго правы MSPRING.ONLINE.

photo – Алесь Соболевскій, facebook.com/AliesSabalieuski

Пяцёра маладых людзей, якіх ўводзіў у залу чалавек у балаклаве, пад наглядам следчага па чарзе зачытвалі творы з серыі «Калымскіх апавяданняў» Варлама Шаламава і ўрыўкі з кніг сучаснікаў – «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча і «Бунт батанікаў» Зміцера Дразда.

– Мы вырашылі правесці самі для сябе эксперымент – паглядзець, наколькі моцна ідэалагічна адрозніваюцца рэпрэсіі савецкага часу і нашых дзён. Безумоўна, жорсткасць камуністычных рэпрэсіяў значна вышэй. Але сутнасць рэпрэсіўнага механізму мала змянілася нават цяпер. Асабліва іранічна праводзіць такія мерапрыемствы, калі ў Беларусі да гэтага часу ёсць палітвязень Міхаіл Жамчужны– распавёў адзін з удзельнікаў чыткі Саша Райкан.

photo – Алесь Соболевский, facebook.com/AliesSabalieuski

Пасля чыткі ўдзельнікі і гледачы прыйшлі да высновы, што памяць аб палітычных рэпрэсаваных будзе далей толькі згасаць – для ўладаў гэтая тэма нязручная, для грамадзянскай супольнасці, з большага, ня актуальная, для моладзі – мае занадта негатыўную афарбоўку.

– Пра яе, на жаль, успомняць толькі тады, калі ў краіне зноў пачнуцца масавыя рэпрэсіі, – заявіла адна з удзельніц.

На наступны дзень, 2 лістапада, каля трыццаці чалавек сабраліся на традыцыйную акцыю каля Крыжа Памяці аб ахвярах палітычных рэпрэсій 20-х – 30-х гадоў.

Палітык Алег Аксёнаў падчас выступу прапанаваў стварыць ініцыятыву па ўсталяванні імёнаў тых людзей, якіх масава расстрэльвала савецкая ўлада:

– Архівы КДБ не адкрыты. Няма палітычнай волі, каб іх адкрыць. Затое засталіся сваякі людзей, чыіх родных рэпрэсавалі. Гэта добры гістарычны інструмент, якім можна скарыстацца, – патлумачыў Аксёнаў.

Ён паабяцаў правесці праз два тыдні круглы стол, падчас якога ўсе зацікаўленыя змогуць абмеркаваць фармат працы.

Грамадскі дзеяч, пісьменнік Міхась Булавацкі распавёў крыху пра гісторыю месца. Ён вылучыў прапанову змяніць у наступным годзе фармат акцыі – напрыклад, прачытаць вершы тых літаратараў, хто пацярпеў ад рэпрэсій. Сам ён зачытаў верш паэта Уладзіміра Някляева «Галгофа».

Адным з самых эмацыйных момантаў акцыі стаў выступ Наталлі Шэмянковай, якая прачытала верш Анатоля Сыса «Адпусціце мяне, Курапаты».

Акцыя доўжылася каля паўгадзіны і завяршылася без інцыдэнтаў.